Уладзімір Андрэйчанка – за пашырэнне ўжывання беларускай мовы



Старшыня Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка выказаўся адносна прапановы, каб інфармацыя аб таварах і паслугах у Беларусі даводзілася на дзвюх дзяржаўных мовах. Андрэйчанка прызнае магчымасць такіх зменаў у закон, але рэалізацыя прапановы патрабуе аналізу і экспертызы. Пра гэта ён напісаў у лісце да каардынатара грамадскай ініцыятывы „Справаводства па-беларуску” Ігара Случака, які ініцыюе адпаведныя змены ў закон “Аб абароне правоў спажыўцоў”.

– Прыйшоў адказ ад старшыні Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Уладзіміра Андрэйчанкі, які выказаўся пра тое, што як грамадзянін Беларусі, як дэпутат парламента ён падтрымлівае пашырэнне ўжывання беларускай мовы. Мне хочацца спадзявацца, што яго меркаванне будзе мець значэнне пры прыняцці зменаў у закон.

Уладзімір Андрэйчанка таксама паведаміў у лісце, што прапановы Ігара Случака ён перадаў у Нацыянальны Цэнтр заканадаўстава і прававых даследаванняў і ў Савет Міністраў, які адказны за падрыхтоўку законапраекта. Сам законапраект павінен быць падрыхтаваны ў жніўні.

Як паведаміў Ігар Случак, упершыню адказ на ліст да Уладзіміра Андрэйчанкі прыйшоў за ягоным подпісам, раней падобныя звароты ён перанакіроўваў у адпаведныя парламенцкія камісіі.

13816975

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belarus.by