Уладзімір Мацкевіч чакае адказу з пракуратуры



Палітолаг Уладзімір Мацкевіч збіраецца давесці да канца справу з неабгрунтаваным абвінавачваннем ва ўдзеле ў масавай акцыі ў Менску. Ён знаходзіўся ў час акцыі ў Варшаве, доказам чаго былі штампы ў пашпарце аб праходжанні мяжы.

Matskevich24

Але сведкі-амапаўцы на судзе 15-га сакавіка сцвярджалі, што бачылі яго ў беларускай сталіцы. «Наўпрост на амапаўцаў падаваць у суд немагчыма, таму звярнуўся са скаргай у пракуратуру,» – кажа Уладзімір Мацкевіч:

– Мы звярнуліся з заявай у пракуратуру, каб яна дала  юрыдычную ацэнку.  Мы дамагліся таго, што ў пратакол судовага паседжання ўнесеныя нашыя праўкі. Абмінулі спачатку некаторыя вострыя моманты ў пратаколе і, як не дзіўна, сакратар суда пагадзіўся. Пакуль чакаем адказу з пракуратуры.

Суд Цэнтральнага раёна Менска 15-га сакавіка накіраваў на дарасследаванне справу палітолага Уладзіміра Мацкевіча, якога асудзілі нібыта за ўдзел у акцыі ў падтрымку індывідуальных прадпрымальнікаў 15-га лютага. «Цяпер міліцыя можа звярнуцца да памежнікаў, каб пацвердзіць маю адсутнасць у краіне, бо штампа ў пашпарце аказалася для гэтага недастаткова,» – адзначыў тады Уладзімір Мацкевіч.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з сайта cet.eurobelarus.info