Уладзімір Мацкевіч рыхтуе скаргу за ілжэсведчанне (абноўлена)



У Менску адбыліся судовыя разбіральніцтвы за мітынг прадпрымальнікаў, які прайшоў 15-га лютага.

091-833x400Разгляды спраў у судзе Цэнтральнага раёну праводзіла суддзя Вікторыя Шабуня. “Пасяджэнні адбываюцца па даўно адпрацаванай схеме”, – пракаментавала Наста Лойка з Праваабарончага цэнтру “Вясна”:

– Cудам, і гэта відавочна, дадзена ўстаноўка даваць такія штрафы. Судам дазваляецца толькі, калі гэта сапраўды кепскі дакумент, накіраваць яго на дапрацоўку. Працэс над Уладзімірам Мацкевічам здзіўляе – былі ўсе факты, якія пацвярджалі, што чалавек у гэты дзень знаходзіўся ў іншай краіне і не мог быць на мітынгу, але трое супрацоўнікаў міліцыі сцвярджаюць іншае.

“Нягледзячы на гэта, Уладзіміра Мацкевіча не апраўдалі, міліцыянтаў не прыцягнулі да адказнасці, а справу адправілі на дапрацоўку,” – адзначыла Наста Лойка.

Анатоля Любедзьку і Паўла Сяргея аштрафавалі на 50, пенсіянерку Ніну Багінскую – на 25 базавых велічыняў.

* * *

Уладзімір  Мацкевіч, якога 15 сакавіка судзілі за ўдзел ў мітынгу, на якім ён не прысутнічаў, рыхтуе скаргу  на міліцыянтаў  за  ілжэсведчанне.

У судзе Цэнтральнага раёну Менску адбыўся працэс над палітолагам і грамадскім дзеячам Уладзімірам Мацкевічам. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў 15 лютага, на якім яго не было. Справа адпраўлена на даследаванне.

– Мы будзем падаваць скаргу на міліцыянтаў за ілжывыя сведчанні . Адвакат азнаёміцца з матывацыйнай часткай пастановы ў судзе. Гэта можна будзе зрабіць толькі заўтра. 

Паводле сведчанняў міліцыянтаў,  Уладзімір Мацкевіч падчас мітынгу 15 лютага не толькі быў на мітынгу але і  трымаў плакат «Працу!». У гэты дзень абвінавачаны быў у Варшаве і на гэта мае доказы ў выглядзе штампаў у сваім пашпарце.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя