Уладзімір Рамановіч: Беларусам быць модна



“Быць беларусам – быць пераможцам” – з такім заклікам выступіў стваральнік брэнду Belarusam Уладзімір Рамановіч на “Мода фэсце” ў Віцебску. Фестываль моды прайшоў у гандлёвым цэнтры GREEN.

На яго Уладзімір Рамановіч разам з жонкай прывезлі адзенне, канцылярскія тавары, сувеніры з нацыянальным арнаментам і сімволікай, а таксама ўласную дзіцячую азбуку.

Паводле Уладзіміра Рамановіча, зараз беларусам быць модна, беларускімі  рэчамі цікавяцца шматлікія людзі, незалежна ад палітычных поглядаў, узросту і сацыяльнага статусу. І вельмі часта чалавек набывае тавар з мэтай ідэнтыфікацыі сябе як беларуса:

– Каб у яго была больш такая пазіцыя: “Я хачу быць адметным, я хачу паказаць, што я беларус, я хачу паказаць, што я памятаю беларускія сімвалы, я памятаю беларускі арнамент”. Больш за тое, у нас на кірмашах у Беларусі замежнікі, у тым ліку і расейцы, нават там па адной, дзве, тры, чатыры рэчы набываюць менавіта таму, што там ёсць беларускі алфавіт ці беларускія сімвалы.

Брэнд Belarusam мае сваю інтэрнэт-краму, праз якую можна замовіць разнастайны беларускі тавар. Гэта вопратка, сувеніры і магніты, падушкі і ўпрыгожванні. Таксама можна парадаваць дзетак напярэдадні школьных будняў – набыць ім сшыткі і іншыя канцылярскія рэчы з нацыянальнай беларускай сімволікай.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя