Унуку слонімскага скульптара выстаўленае абвінавачанне



Шаснаццацігадоваму падазраванаму ў двайным забойстве ў Слоніме выстаўленае абвінавачанне.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова, дзеянні падлетка кваліфікаваныя на падставе п. 1 ч. 2 арт. 139 КК (забойства, здзейсненае пры абцяжарвальных абставінах).

Падчас допыту ў якасці абвінавачанага юнак пацвердзіў факт забойства сваякоў. Прычынай ён назваў абвастрэнне канфліктных адносін з бабуляй і дзядулем, што існавалі на працягу доўгага часу. Канчатковая прававая ацэнка дзеянням школьніка будзе дадзеная паводле вынікаў расследавання крымінальнай справы з улікам заключэнняў экспертаў і комплекснай ацэнкі ўсіх атрыманых доказаў.

„Зараз прызначанае правядзенне комплекснай стацыянарнай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы абвінавачанага на падставе сабраных следствам матэрыялаў, неабходных для правядзення гэтага даследавання”, — сказала Ганчарова.

У Слоніме ў ноч на 30 красавіка падлетак жорстка забіў бабулю 1956 года нараджэння і дзядулю 1953 года нараджэння — вядомага мясцовага скульптара Леаніда Богдана. Юнак жыў з імі, бо маці з’ехала ў ААЭ, а бацька ў Мінску вядзе ўласную справу. Бабуля і дзядуля давалі ўсё найлепшае ўнуку, з грашыма ў іх праблем не было, дзіця вучыцца з сярэднім балам 7 у гімназіі, паведаміла пасля трагедыі УУС Гродзенскага аблвыканкама.

З гэтай інфармацыі вынікала, што канфлікт узнік на глебе выяўлення ва ўнука электроннай цыгарэты, якую сваякі звязалі з наркотыкамі. Такая версія выклікала гнеў унука, ён узяў нож, металічны шуфлік і гэтымі прадметамі забіў бабулю і сур’ёзна параніў дзядулю. Пенсіянер маліў выклікаць хуткую дапамогу, але хлопец пайшоў у гараж, узяў там сякеру і дабіў ім сваяка. Пазней вопратку і сякеру юнак выкінуў у балоцістую мясцовасць на рацэ Шчара.

Далей падлетак накіраваўся ў Свята-Траецкі сабор і паведаміў святару, што ў дом уварваліся рабаўнікі ў масках і здзейснілі забойства. Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі на месца, устанавілі, што ніякіх рабаўнікоў не было, а забіў пенсіянераў іх уласны ўнук.

Зараз прычына для сваркі на глебе выяўлення электроннай цыгарэты не пацвярджаецца. Асноўная версія — міжасобасныя адносіны.