У Вушачах адкрылі помнік на магіле Рыгора Барадуліна (абноўлена)



Урачыстае адкрыццё помніка Рыгору Барадуліну адбылося на Бутаўскіх могілках у Вушачах. Асвяціў помнік і адслужыў малебен разам з іншымі каталіцкімі святарамі Апостальскі візітатар архімандрыт  айцец Сяргей Гаек.

pomnik_15

 

На імпрэзе прысутнічала жонка паэта Валянціна Барадуліна, сястра Васіля Быкава,  паэт Уладзімір Някляеў, прадстаўнікі мясцовай улады, жыхары мястэчка, якіх, на жаль, было няшмат. А таксама скульптар помніка Ігар Засімовіч  і журналіст, блізкі сябра паэта Глеб Лабадзенка. Менавіта дзякуючы яго вялікім намаганням і была здзейснена апошняя воля паэта.

– Я прыйшоў да дзядзькі Рыгора, калі мне было 13 гадоў, і ён паставіўся да мяне як да ўнука. Тым, што ёсць у маёй галаве і ў маёй свядомасці, я найперш абавязаны яму. І тым, што я звязаў сваё жыццё з беларушчынай. Яшчэ пры ягоным жыцці я шмат разоў дзякаваў яму за тое, што ён для мяне зрабіў. Таму, калі яго не стала, у мяне не было пытання брацца ці не за гэта. Бо гэта таксама мая вялікая падзяка яму і я вельмі шчаслівы, што нам удалося выканаць ягоную апошнюю волю.

Рыгор Барадулін памёр 2 сакавіка 2014 года ў Менску. Згодна з апошняй воляй паэта, ён быў пахаваны побач з маці ў Вушачах. Дзядзька Рыгор пакінуў запавет: “Калі я адыду, пастаўце мне / Сівы валун і крыж на валуне…”

16 лістапада супрацоўнікі Авіяцыі МНС Беларусі пры дапамозе верталёта Мі-8 апусцілі валун вагой 2,5 тоны на магілу.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара