Урок памяці Васіля Супруна



10 сакавіка спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, публіцыста, краязнаўца, археолага, ініцыятара і кіраўніка беларускага патрыятычнага моладзевага антысавецкага падполля ў 1946-1947 гадах на тэрыторыі Заходняй Беларусі (арганізацыя “Чайка”) Васіля Супруна (1926-2007), які быў родам з вёскі Глоўсевічы Слонімскага раёна. З гэтай нагоды на Слонімшчыне запланаваны шэраг мерапрыемстваў. Першай такой згадкай стаў урок, прысвечаны памяці Васіля Супруна ў СШ № 2 г.Слоніма.

Урок у 7-х класах правялі бібліятэкары Слонімскай раённай дзіцячай бібліятэкі. Яны арганізавалі невялікую выставу кніг Васіля Супруна, расказалі пра яго творчы шлях пасля сталінскіх лагераў, прачыталі вершы паэта. На ўрок быў запрошаны і даследчык беларускай літаратуры Сяргей Чыгрын. Ён распавёў пра сяброўства з Васілём Супруном, пра яго жыццёвы шлях, пра знаёмства Васіля Супруна і Ларысы Геніюш, пра земляка як археолага.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара