Урокі трагедыі



Пра тое, якія высновы павінна зрабіць грамадства, прадпрымальнікі і кіраўніцтва гандлёвых цэнтраў пасля трагедыі ў сталічным ГЦ “Новая Еўропа”, разважае намеснік старшыні РГА «Перспектыва» Вячаслаў Піліпук.

Амаль тыдзень прайшоў з таго часу, як у менскім гандлёвым цэнтры “Новая Еўропа” адбылася трагедыя, калі 17-гадовы юнак забіў прадпрымальніцу і параніў дваіх чалавек.

Вячаслаў Піліпук: Трагедыя паказала, што найперш трэба ў чалавеку бачыць чалавека. Можа быць і не было б гэтай жудасці, каб у свой час добра спрацавалі школа, медыкі, міліцыя. І, натуральна, сям’я. А то  атрымліваецца, што кожны жыве сваім жыццём, не звяртаючы ўвагі на тое, што адбываецца наўкол.

РР: Многія прадпрымальнікі скардзіліся на тое, што ў гандлёвым цэнтры дрэнна спрацавала служба бяспекі, якая быццам бы і ёсць…

Вячаслаў Піліпук: Так, сітуацыя паказала, што ў службах бяспекі ёсць праблемы ў падрыхтоўцы кадраў і іх наборы, бо нярэдка туды прыходзяць пенсіянеры з сілавых структур. Суадносна, такія і адносіны да працы – правесці час і атрымаць грошы. Мы і ўбачылі, якая была рэакцыя такой службы ў гандлёвым цэнтры. А дакладней – яе амаль не было. Добра яшчэ, што прадпрымальнікі ўзялі на сябе ролю ахоўнікаў і абясшкодзілі хлопца, які размахваў сякерай. Таму, як мне падаецца, можа быць, нават заканадаўства трэба змяняць, што датычыцца аховы, каб даць ім больш паўнамоцтваў. І дакладна прапісаць іх абавязкі, каб ведалі, што павінны рабіць, а што не. Каб не выходзілі за межы гэтых абавязкаў, таму што нярэдка служба бяспекі больш увагі надае другасным рэчам, на якія можна было проста заплюшчыць вочы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя