Ушанавалі Міхала Валовіча і паўстанцаў 1830-1833 гадоў



У нядзелю, 14 чэрвеня, у вёсцы Парэчча Слонімскага раёна адбылося мерапрыемства па ўшанаванні аднаго з кіраўнікоў паўстання 1830-1833 гадоў супраць Расейскай імперыі Міхала Валовіча і яго 12 паплечнікаў.

Каля памятнага крыжа ў гонар паўстанцаў, які знаходзіцца на парэцкіх могілках, адбыўся імправізаваны мітынг, перад пачаткам якога ўдзельнікі прачыталі малітву “Ойча Наш”. Мерапрыемства адкрыў слонімскі гісторык і літаратар Сяргей Чыгрын, які распавёў пра змагарны шлях Міхала Валовіча і яго паплечнікаў. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што Міхал Валовіч нарадзіўся ў вёсцы Парэчча Слонімскага павета, дзе меў маёнтак і ўласную зямлю. Скончыў Віленскі ўніверсітэт. Пасля паражэння паўстання Валовіч быў вымушаны эмігрыраваць у Францыю, дзе зблізіўся з дэмакратычнымі арганізацыямі, рухам карбанарыяў. Пад уплывам Ю. Заліўскага вырашыў прыняць удзел у ваеннай экспедыцыі на тэрыторыю Беларусі і Літвы, каб узняць там сялянскае паўстанне, паколькі паўстанне 1830 – 1831 гадоў было больш шляхецкім.

Меркавалася, што карбанарыі Заходняй Еўропы, перамогшы ў сябе, дапамогуць паўстанцам. Па рашэнні Ю. Заліўскага, Валовіч узначаліў слонімска-наваградскую акругу. 19 сакавіка 1833 года паўстанцы перайшлі расейскую мяжу і пачалі дзейнічаць на Слонімшчыне і Гарадзеншчыне. У атрад Валовіча прыйшлі сяляне з вёсак Парэчча, Вострава і Бардашоў. Каб здабыць грошы, паўстанцы напалі на пошту. Меркавалася ўзяць штурмам турму ў Слоніме з тым, каб вызваленыя вязні далучыліся да паўстанцаў. Але такія дзеянні ўстрывожылі ўладу. Гарадзенскі губернатар Мураўёў даў загад акружыць над Шчарай атрад. Валовіч спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але пісталет даў асечку. Паўстанцы трапілі ў палон. Усяго па Гарадзеншчыне было арыштавана звыш 150 чалавек. На допыце Валовіч сведчыў, што «хацеў выкарыстаць мяркуемае паўстанне, каб здзейсніць свой намер і вызваліць сялян». 11 чэрвеня 1833 года ў Гародні пачаўся судовы працэс. Побач з Валовічам на лаве падсудных сядзелі 10 сялян. Міхал Валовіч быў прысуджаны да пакарання смерцю праз чацвертаванне, аднак князь Далгарукаў “змякчыў” прысуд — Валовіча павесілі ў Гародні 2 жніўня 1833 года. Астатнія паўстанцы былі сасланы ў Сібір на катаржныя работы, у арыштанцкія роты, на пасяленне…

Літаратар і грамадскі дзеяч з Менска Уладзімір Някляеў дапоўніў Сяргея Чыгрына і выказаў думку, што Міхал Валовіч у свой час быў вялікім рамантыкам, адважным ліцвінам, подзвіг якога заслугоўвае сёння нашай памяці не толькі ў межах Слонімшчыны ці Гарадзеншчыны, але і ўсёй Беларусі. Спыніўся Уладзімір Някляеў і на агульнанацыянальным руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі”, за што некалі і змагаўся Міхал Валовіч.

Пасля Парэчча ўсе ўдзельнікі мерапрыемства завіталі на адну з аграсядзіб Слонімшчыны, дзе працягвалася імпрэза, прысвечаная памяці паўстанцаў 1830-1833 гадоў. Уладзімір Някляеў чытаў свае патрыятычныя вершы, Таццяна Матафонава-Грыневіч спявала песні на словы Максіма Багдановіча, Генадзя Бураўкіна, Зянона Пазьняка, Уладзіміра Някляева і іншых аўтараў. Пра любоў да Бацькаўшчыны, да роднай мовы і свайго народа казалі ў сваіх выступленнях мастак Мікола Бушчык, грамадскі актывіст са Слонімшчыны Іван Шэга і іншыя выступоўцы.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара