Устаноўленыя прычыны катастрофы Іл-103 пад Берасцем



Следчы камітэт Беларусі завяршыў расследаванне прычын катастрофы самалёта Іл-103 РУП „Беллесавія”, што здарылася сёлета 14 чэрвеня пад Берасцем.

000020_820619 Як паведаміў начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю СК Сяргей Кабаковіч, падчас расследавання была прааналізаваная сукупнасць сабраных доказаў: паказанні інжынерна-тэхнічнага персаналу і сведак, вынікі экспертных даследаванняў, справаздача пра вынікі расследавання авіяцыйнага здарэння, праведзенага камісіяй Міністэрства транспарту і камунікацый.

Паводле высноваў следства прычынай катастрофы Іл-103 з’явілася няспраўнасць авіяцыйнай тэхнікі, якая выразілася ў перагрэве рухавіка і падзенні яго магутнасці, у сувязі з чым камандзір паветранага судна прыняў рашэнне здзейсніць вымушаную пасадку на сельскагаспадарчае поле. Падчас гэтага манеўру ён быў вымушаны ажыццявіць адварот налева з-за наяўнасці перашкоды. Падчас адвароту здарыўся ненаўмысны выхад самалёта на рэжым звальвання, вывад з якога не забяспечваўся неабходным запасам вышыні, у выніку чаго паветранае судна сутыкнулася з зямлёй.

Нагадаем, 14 чэрвеня прыкладна ў 12.00 каля вёскі Хабы Брэсцкага раёна пры выкананні планавага палёту здарылася падзенне паветранага судна Іл-103, што належыць РУП „Беллесавія”. Загінулі камандзір судна Міхаіл Мядзведзеў і лётчык-назіральнік Аляксандр Барысюк. Для высвятлення акалічнасцяў здарэння была створаная следчая група з ліку найбольш дасведчаных супрацоўнікаў галоўнага следчага ўпраўлення СК. Па факце крушэння самалёта была распачатая справа на падставе ч. 3 арт. 314 КК (парушэнне правілаў бяспекі руху ці эксплуатацыі чыгуначнага, паветранага, воднага транспарту або метрапалітэна, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх ці больш асоб), Паводле вынікаў расследавання следствам прынятае рашэнне спыніць крымінальную справу з-за адсутнасці складу злачынства.

БелаПАН

Фота: sk.gov.by