Уцекачы – шлях у невядомае (фотарэпартаж з Сербіі)



Плошча ў цэнтры Бялграда, каля аўта- і чыгуначнага вакзалаў. Гэта месца першых сустрэчаў уцекачоў з іншымі ўцекачамі, а таксама людзьмі, якія аказваюць першую дапамогу. Ёсць тэлефонны аўтамат ды шапікі з ежай. Тут ёсць перакладчыкі, якія паясняюць сітуацыю ўцекачоў ды паведамляюць ім пра асноўныя правы.

Інфацэнтр – месца ў цэнтры горада, куды непасрэдна або з парку прыходзяць уцекачы. Тут можна зарадзіць тэлефон, скарыстацца інтэрнэтам, пачытаць пра тое, што адбываецца ў іх краіне, паразмаўляць у FB ці Skype з роднымі, высветліць сітуацыю, якая яшчэ наперадзе. У інфацэнтры можна паразмаўляць з псіхолагам, параіцца з юрыстам, атрымаць сродкі гігіены.

З парку адыходзяць аўтобусы да мяжы з Харватыяй. Яны бяспечныя, арганізаваныя афіцыйна. Кошт праезду з Бялграда да мяжы (гэта 110км) 10 еўра. Курсуе па некалькі аўтобусаў у дзень.

У парку днём  можна атрымаць таксама першую дапамогу ці паўдзельнічаць у занятках, якія ладзяць пазаўрадавыя арганізацыі ці прыватныя асобы. Можна маляваць алоўкамі, гуляць цацкамі. Старэйшыя граюць на бубнах, танцуюць, займаюцца спортам. Як кажуць валанцёры, усё гэта нешта накшталт аварыйнай псіхалагічнай дапамогі, каб людзі на нейкі час забылі пра сваё становішча, адпачылі пасля перажытых траўмаў.

Ёсць таксама месца, дзе ўцекачы могуць падсілкавацца, папрасіць абутак, калі стары ўжо не надаецца да выкарыстання, знайсці цёплую вопратку на далейшы шлях і перасячэнне мяжы. Аўтобусы з уцекачамі ад’язджаюць позна пасля поўдня і ўвечары. Перасячэнне мяжы адбываецца звычайна ўночы, а тэмпературы паветра нізкія, ды яшчэ невядома, колькі часу прыйдзецца чакаць, пакуль удасца перакрочыць мяжу.

Памежны пераход. Аўтобусы, якія прывозяць уцекачоў, не ад’язджаюць да самой мяжы. Людзі высядаюць за пару кіламетраў ад мяжы і ідуць пехатой. Гэтую тэрыторыю кантралюе сербская паліцыя, а ўцекачам дапамагаюць гуманітарныя і пазаўрадавыя арганізацыі.

На мяжы можна атрымаць цёплую вопратку, харчы, ваду, коўдру. Таксама аказваецца медычная дапамога.

Можна спыніцца, адпачыць, папіць гарачай гарбаты. Валанцёры з Чэхіі ладзяць гульні для дзяцей, граюць і спяваюць. Гэта робіцца дзеля таго, каб атмасфера ў «сур’ёзным месцы» была больш прыемнай.

Гэта апошні прыпынак перад Харватыяй. Там чакаюць урадавыя аўтобусы, якія завязуць уцекачоў у Славенію.  Адлічваюць па 30 чалавек і са згоды харвацкага боку перыядычна пускаюць праз мяжу (у гэтым месцы няма афіцыйнага памежнага пераходу).

Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Радэк Дамброўскі, Мацей Невінскі