Уздоўж Еўропы на бамбукавым тандэме



Двое вандроўнікаў на роварах прыехалі з Вены праз Канстанцу, Львоў, Седльцы да Гародні.

P1240002

Роланд з Аўстрыі і Эва з Польшчы ўласнаруч змайстравалі ровар з максімальна экалагічнага матэрыялу. Рама тандэма зроблена з бамбуку. Цяпер пара падарожных ездзіць па Еўропе і папулярызуе роварны рух. У месцах дзе праязджаюць, вандроўнікі сустракаюцца з мясцовай уладай. У Гародні ўжо была сустрэча са старшынёй выканаўчага камітэта Гародні Мечыславам Гоем.  Што сказаў чыноўнік,  кажа Роланд.

— Ён распавёў пра трансгранічны праект, які запланаваны з краінамі суседкамі Польшчай і Літвой і мы думаем, што гэта вельмі добрая магчымасць для Гародні, якая мае добрае геаграфічнае палажэнне, атрымаць грошы ад інвестараў і сапраўды палепшыць інфраструктуру. Тое, што мы адразу заўважылі гэта, што ў горадзе няма месца для раварыстаў. Ніякіх веладарожак. Можа яны і ёсць, але мы не знайшлі іх пакуль ехалі ад мяжы у цэнтр горада. Яшчэ пытанне высокіх бардзюраў.  

У Гародні роварная інфраструктура: сцежкі, нулявыя бардзюры, пераезды для ровараў пакуль знаходзяцца ў зародкавым стане. Большасць шляху раварыстам на тандэме давялося пракатаць пешкі. Сёння а 20 гадзіне ў арт-пляцоўцы «Дом 46», які знаходзіцца ў Гародні па вуліцы Лялевеля мае прайсці паказ дакументальнага кіно «Ровары супраць машынаў», якое прэзентуюць турысты. Ужо 12-га жніўня яны накіруюцца ў Вільню. Агулам плануюць праехаць сем тысяч кіламетраў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя