Узгадваем ахвяраў Халакосту



27 студзеня традыцыйна адзначаецца Дзень памяці ахвяраў Халакосту. Гісторыкі дагэтуль спрачаюцца, колькі жыхароў Беларусі загінула падчас Другой сусветнай вайны. Праблема ў крытэрах падліку. Але дакладна, што значную долю ў агульнай лічбе загінулых займаюць беларускі габрэі. Каментуе дырэктар Гістарычнай майстэрні, што месціцца на тэрыторыі былога менскага гета, Кузьма Козак:

– Калі мы гаворым пра агульную колькасць, то не ўлічвалі, напрыклад, тых, якія былі на баку немцаў ці ў польскай арміі. Вось і атрымліваецца, што толькі частка ў нас была ўзята на ўлік. Адсюль і блытаніна.

Кузьма Козак сцвярджае, што ніхто ў свеце не страціў падчас вайны столькі насельніцтва, колькі Беларусь – не менш за 30%. Калі браць габрэяў, то толькі ў Менску з 80 тысячаў уратаваліся толькі 3-5 тысячаў. Таксама даследчык звяртае ўвагу на тое, што тэма Халакосту ў Беларусі замоўчвалася да пачатку 90-ых гадоў.

– Быў помнік у нас на “Яме”, гэта 1946 год. Была кніжка ў 1947 годзе. А пасля – паўза, маўчанне. І толькі ў 90-ыя гады пачынаем пра гэта памятаць, шукаць сведкаў, а іх ужо амаль няма.

Варта дадаць, што Халакост у час мінулай вайны закрануў не толькі габрэяў, але і цыганоў, палякаў, савецкіх ваеннапалонных розных нацыянальнасцяў, а таксама гомасэксуалаў і псіхічнахворых.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота rbc.ua