V Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Коўне (абнаўляецца)



У панэлі „Паміж  еўрапейскай і еўразійскай інтэграцыяй: выклік для постсавецкіх дзяржаваў” выступілі Дзяніс Мельянцоў (Беларусь) з дакладам „Беларусь ва Усходнім партнёрстве: чаканні і выклікі” і Андрэй Казакевіч.

Адбылася дыскусія, у якой шмат выступалі прысутныя. Яны задавалі пытанні, выказваліся самі.

У діскусіі, паміж іншым, было ўзгадана, што па новых сацыялагічных даследаваннях сёння расце колькасць беларусаў, якія выказваюцца на карысць незалежнасці Беларусі, без удзелу яе ў любых саюзных схемах – ці то еўрапейскай, ці еўразійскай.

Алесь Лета Фота: Аляксей Лапіцкі

* * *

Сапраўднай панэльнай дыскусіяй апынулася праца ў малой зале Універсытыту Вітаўта Вялікага у час абмеркавання тэмы грамадзянскай супольнасці, дзе праходзіў круглы стол па тэме „Грамадзянская супольнасць у развіцці: змена парадыгмы?”.

Дыскусію мадэраваў Улад Вялічка (Беларусь). Удзельнічалі Габрыэль Фрэйтар (Нямеччына), Антанэла Вармарбіда (Бельгія), Сяргей Дацюк (Украіна),  Андрэй Ягораў (Беларусь), Наталля Харчанка (Украіна).

Ці патрабуецца рэвізія падставовых паняткаў і падыходаў у сувязі з узнікненнем новых формаў неарганізаванай грамадзянскай супольнасці, такія як Каірскі Тахрыр, стамбульскі Таксім, украінскі Майдан – з’яваў новага тыпу грамадзянскай самаарганізацыі, якія разгортваюцца па-за звыклымі формамі рэспектабельных НДА?

Даклад Сяргея Дацюка і ягоная пазіцыя, з’вязаная з іншым вызначэннем і разуменнем грамадзянскай супольнасці, выклікаў жывую дыскусію ўдзельнікаў.

Пытанні і рэплікі гучалі не толькі ад заяўленых выступоўцаў але і з зала, па-беларуску ды па-ангельску.

Алесь Лета Фота: Аляксей Лапіцкі

* * *

У даволі важнай для Беларусі ды і ўсяго постсавецкага рэгіёну секцыі па энергетычнай тэматыцы, якая не назбірала тут шмат удзельнікаў, абмярковалася тэма „Энергія і нафта: бяспека і палітычная эканомія ў Беларусі і постсавецкай прасторы”. Тут сабраліся і працавалі прафесіяналы.

Адной з дакладчыцаў і актыўнай удзельнцай дыскусіі на панелі была гарвардская прафесарка Маргарыта Бальмасэда  — найлепшы даследчык энергетычнага рынку Усходняй Еўропы.

На секцыі прысутнічаў вядомы беларускі выкладчык ды перакладчык, грамадскі і палітычны дзеяч Лявон Баршчэўскі.

Пад час працы закраналіся важныя для будучай энергетычнай бяспецы пытанні. Зададзеныя пытанні, прагучаўшыя адказы паказалі верагодныя шляхі развіцця беларускай эканоміцы, адкрылі верагодныя спосабы дасягнення энергетычнай бяспекі і стабільнасці для краіны і рэгіёну цалкам.

Алесь Лета Фота: Аляксей Лапіцкі

* * *

На Кангрэсе даследчыкаў Беларусі агучаныя ўзнагароды за найлепшыя навуковыя публікацыі. Вядоўцамі ўрачыстага мерапрыемства выступілі Ірына Дубянецкая і Валеры Булгакаў.

Па гісторыі ў катэгорыі „манаграфіі” адзначана праца Анастасіі Скеп’ян (Князі Слуцкія. Мінск: Беларусь, 2013). За найлепшы артыкул узнагароджаны Сяргей Токць (Нараджальнасць і смяротнасць у традыцыйнай сялянскай супольнасці Беларусі ХІХ — пачатку ХХ ст. (па матэрыялах Глыбоцкага прыхода). Беларускі гістарычны часопіс. 2014).

Прэміяй імя Зоры Кіпель па гуманітарных навуках адзначана ў катэгорыі „манаграфіі” праца Міколы Хаўстовіча (Даследаванні і матэрыялы: літаратура Беларусі XVIII―XIX стагоддзяў. Варшава: Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego, 2014).  У катэгорыі „артыкулы” – Маргарыты Аляшкевіч (Стратэгіі поспеху ў беларускай літаратурнай крытыцы // Studia Białorutenistyczne. 2013).

У сацыяльна-палітычных навуках адзначаны артыкул Аляксея Ластоўскага і Надзеі Яфімавай  (Вытокі нацыянальнай дзяржаўнасці ў беларускай гістарычнай памяці . ARCHE. 2013. №2).

Таксама сёлета ўпершыню ўручылі ганаровы дыплом за замежную манаграфію на беларускую тэматыку. Тут адзначана праца Маргарыты Бальмаcэда. (Margarita Balmaceda. Living the High Life in Minsk. Russian Energy Rents, Domestic Populism and Belarus’ Impending Crisis. Central European University Press, 2014.).

* * *

Сярод адзначаных – гарадзенскі гісторык Сяргей Токць, аўтар артыкула на тэму дэмаграфічнай сітуацыі ў традыцыйнай сялянскай супольнасці на мяжы 19-га і 20-га стагоддзяў:

– Сітуацыя тады была адваротнай. Калі сёння Беларусь, як многія іншыя еўрапейскія краіны, пакутуе ад дэмаграфічнага спаду, то тады была адваротная сітуацыя, быў дэмаграфічны рост, які нараджаў многія сацыяльныя праблемы. Я спрабую даследаваць, як у той час грамадства спрабавала пераадолець гэтыя праблемы дэмаграфічнага росту. Можа гэта дапаможа неяк інакш паглядзець на сённяшнюю сітуацыю дэмаграфічнага спаду.

Вядоўцамі ўрачыстага мерапрыемства ў Коўне былы галоўны рэдактар часопіса “Архэ” Валеры Булкагаў і доктар тэалогіі Ірына Дубянецкая.

Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя. Фота Аляксей Лапіцкі.

***

Панэль „Беларускі нацыянальны рух – аспекты станаўлення”, „Сусветныя войны і Беларусь” адбываліся на беларускай, польскай і расейскай мовах.

У межах гэтай панэлі ў першай палове дня прагучалі такія даклады, як „Беларускі нацыянальны рух у ацэнках Леона Васілеўскага”, „Расавая праблематыка ў працах пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху”, „Інстытуалізацыя беларускай дзяржаўнасьці ў 1918 годзе” Генадзя Каралёва (Інстытут гісторыі НАН Украіны), Аляксей Ластоўскі (Інстытут „Палітычная сфэра”, Беларусь) і Валянцін Малец (Інстытут гісторыі НАН Беларусі) ды інш.

Далей навукоўцы дзяліліся сваімі досьледамі адносна фартыфікацыйных пабудоваў на тэрыторыі Беларусі падчас Другой Сусьветнай вайны, якія былі характэрнымі й знаходзяцца сёння на тэрыторыі Беларусі, якая апынулася, фактычна, полем вялікага супрацьстаяння.

1000IMG_8461

Свой даклад, фактычна, па тэматыцы ўласнай новай кнігі, прэзентацыя якой адбудзецца ўвечары, напрыканцы друготага дня кангрэсу перад ганаровым узнагароджваньнем навуковых працаў удзельнікаў, прачытаў Ігар Мельнікаў.

* * *

У панэлі „Літва і Русь”, якая праходзіла ў памяшканні сучаснага будынку BLC цэнтру, удзельнічалі дакладчыкі з Украіны, Расеі, Беларусі ды Польшчы. Цікавымі былі даклады „Пранікненне літоўскага ўплыву ў Кіеўскае княства ў 1245-1362г.г.” Барыса Чаркаса (Украіна), „Паміж Карнаю й Літвою” Канстанціна Ерусалімскага (Расея) ды іншыя.

Тут адбываўся зацікаўлены абмен думкамі паміж спецылістамі па пытаннях сярэднявечнай картаграфіі, розных спосабаў пазначэння межаў у тыя часы, у тым ліку архіўных вайсковых мапаў, якія тычацца перыяду паўстання ВКЛ і нашых сучасных краінаў у гэткім рэтраспектыўным гістарычным кантэксьце.

Фота: Аляксей Лапіцкі

* * *

Беларусь мае магчымасць бараніць сваё інфармацыйнае поле, такое меркаванне на Міжнародным кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі выказаў прафесар Ковенскага ўніверсітэта Гінтаўтас Мажэйкіс. Паводле яго, у Беларусі дзейнічае тры інфармацыйныя прасторы, афіцыная беларуская, беларуская апазіцыйная і расейская. Як раз апошняя амаль ня ўмешваецца ва ўнутрыбеларускія справы, бо не разглядае Беларусь як пагрозу, кажа літоўскі эксперт:

– Вось гэтае зняважлівае стаўленне якраз і дае беларусам добрую пляцоўку, каб стварыць інфармацыйныя тэмы, свае навінныя стужкі, незалежныя ад Масквы. На маю думку, самае важнае і цікавае паглядзець, наколькі ў Беларусі апазіцыйныя, паўапазіцыйныя і цалкам лукашэнкаўскія СМІ ў стане стварыць уласныя навінныя стужкі.  

У межах Пятага юбілейнага кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі сёння гаварылі пра пагрозу і магчымасці супрацьстаяння гібрыдным войнам. Кангрэс працягнецца да нядзелі, у ім прымаюць удзел некалькі соцень дасьледчыкаў з амаль 20 краін сьвету.

* * *

“Я б вельмі хацеў вывучыць беларускую мову”, – кажа Шандор Фольдвары з Венгрыі, удзельнік Кангрэсу даследчыкаў Беларусі ў Коўне. Ён выказвае шкадаванне, што ў Беларусі не арганізуюцца адмысловыя моўныя стажыроўкі, як гэта прынята ў іншых краінах:

– Я вельмі шкадую, бо ёсць спецыялісты, якія вывучаюць беларускую гісторыю, чытаюць спецыяльную літаратуру. Я таксама хачу чытаць на беларускай мове так, як я чытаю на літоўскай, украінскай, рускай. Для мяне гэта не праблема. На маю думку, варта было б арганізаваць кароткія курсы мовы для тых, хто прыязджае з-за мяжы, каб  стажыравацца мове.

Венгерскі даследчык расказаў, што вывучае гісторыю кніг і тыпаграфій. Між іншым, частку сваіх даследаванняў ён прысвяціў вядомаму беларускаму культурнаму цэнтру 18-га стагоддзя – тыпаграфіі ў Супраслі.

* * *

“Калектывізацыя ў Заходняй Беларусі” або прэзентацыя Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане. У межах Кангрэсу даследчыкаў Беларусі ў Коўне сёння ўвечары (субота 3-га кастрычніка) запланаваны шэраг дадатковых мерапрыемстваў. Між іншымі, сваімі навінкамі падзеліцца і выдавецтва “ARCHE”. Як расказвае галоўны рэдактар Валер Булгакаў, адна з кнігаў выйшла акурат на пачатку гэтага тыдня і прысвячаецца самаму кангрэсу:

– Гэта даследаванне выдатнага літоўскага гісторыка Артураса Дубоніса «Лейці вялікага князя літоўскага» з гісторыі ранніх дзяржаўных структур літоўскага грамадства. Але гэтым нашая прэзентацыя не абмяжоўваецца. Прыехала з Торуньскага ўніверсітэту Дарота Міхалюк – аўтарка манаграфіі “Беларуская Народная Рэспубліка”, прыехаў гісторык Максім Макараў – аўтар кнігі “Мейскія ўлады Полацка”. Адбудзецца супольная прэзентацыя, дзе мы раскажам пра наш выдавецкі даробак.

Таксама ў межах прэзентацый запланавана прадстаўленне інтэрнэт-сайта, прысвечанага бежанцам Першай сусветнай вайны ў Ніжагародскай губерніі Расеі.

* * *

Беларускую гісторыю сёння даследуюць толькі адзінкі польскіх гісторыкаў-энтузіястаў, адзначае доктар Дарота Міхалюк з Торуньскага ўнівесрітэту. Пры гэтым у Польшчы шмат даследчыкаў займаюцца так званай “крэсовай” гісторыяй, якая датычыць польскай прысутнасці на тэрыторыі Беларусі, і прычынаў гэтаму – некалькі, адзначае дасьледчыца.

– Палякам гэта бліжэй. Таксама трэба ўзяць пад увагу, што прыходзіць новае пакаленне навукоўцаў, якія ўвогуле не ведаюць кірыліцы. Таму сітуацыя будзе толькі пагаршацца. Яны не ведаюць ні расейскай, ні беларускай мовы, ні кірыліцы. Таму будуць дамінаваць даследчыкі, якія чытаюць па-польску.

На сёлетнім міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які праходзіць у Коўне, у розных кірунках і панэлях прымае ўдзел некалькі дзясяткаў дасьледчыкаў менавіта з Польшчы. Агулам у кангрэсе прымае ўдзел каля 400 соцень дасьледчыкаў з амаль 2 дзясяткаў краінаў свету.

Яна Запольская, Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Гістарычная панэль на кангрэсе сабрала вялікае кола ўдзельнікаў. У другой палове дня на кангрэсе прайшлі агульныя паседжанні ў тэматычных даследчых панэлях.

1000IMG_8325

Секцыя „Гісторыя Беларусі XIX-XX ст.ст.”, якая сабрала шмат вядомых гісторыкаў, праводзідася з 17-00 да 19-00.

З сваімі дакладамі тут выступілі ў тым ліку Генадзь Сагановіч („Каляндар як сродак гістарычнай асьветы ў дзейнасьці беларускіх элітаў першай трэці XX ст.”, Беларусь), Мікалай Іваноў („Беларускае „зьменавехаўства”, Польшча), Раіса Балачкайтэ („Дзе знаходзілася сакральнае пры савецкім сацыялізме…”, Коўна, Летува), Зьдзіслаў Вінніцкі („Дылемы сучаснай беларускай ідэалогіі”) ды іншыя.

Пасьля панэлі паміж вядомым гісторыкам з Беларусі і польскімі навукоўцамі адбылася зацікаўленая бліц-дыскусія. Напрыканцы калегі запрасілі яго прыняць удзел з ягоным дакладам у чарговым акадэмічным навуковым форуме ў Польшчы.

Як патлумачыў сам Генадзь Сагановіч, „паміж акадэмічнымі навукоўцамі не бывае вялікіх спрэчак ці нейкіх кардынальных разыходжанняў. Тут даволі ўсё проста – навукова абгрунтаваныя факты, высновы. Гэта ўжо на стадыі папулярызацыі тых ці іншых гістарычных звестак, калі адбываюцца пэўныя скажэнні ці так званыя спрашчэнні, могуць узнікаць натуральныя ў такіх умовах непаразуменні”, – адзначыў беларускі навукоўца.

* * *

Пасля плянарнага паседжання праца ў секцыях на кангрэсе адбывалася ў розных карпусах Універсітэта Вітаўта Вялікага.

1000IMG_8263

Навукоўцы абменьваліся досьведам, прадстаўлялі даклады, задавалі пытанні і наладжвалі новыя стасункі.

Удзельнікі кангрэсу абмяркоўваюць праблемы, якія тычацца Беларусі ў ейным лінгвістычным, гістарычным ды сучасным грамадска-палітычным ды эканамічным кантэксце.

Алесь ЛЕТА, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Аляксей Лапіцкі

* * *

„Міжнародныя адносіны. Рэгіянальная бяспека. Знешняя палітыка” – ў межах гэтай секцыі Кангрэсу даследчыкаў Беларусі абмеркоўваюць пытанне расейскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі.

Якраз сёння з другой сумеснай заявай пра недапушчэнне размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расейскай вайсковай базы выступілі былы палітвязень Мікалай Статкевіч, лідар стваранага руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі” Ўладзімір Някляеў і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Апошні прысутнічае на кангрэсе ў Коўне.

DSC01708

Заява палітыкаў – гэта  пасланне і для беларусаў, і для Расеі. У нядзелю, 4 кастрычніка, у Менску арганізуецца пікет супраць расейскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі – прыгадвае Анатоль Лябедзька:

– Гэта нашая грамадзянская пазіцыя. Я ведаю, што большасць нашых грамадзян настроеныя супраць любых вайсковых базаў. Грамадская думка на нашым баку, але вельмі важна гэта дэманстраваць, таму што гэта пасланне і ўладам, і той жа Расеі, Крамлю і Пуціну. Таму хацелася б, каб гэта быў самы шматлюдны  пікет гэтай выбарчай кампаніі.

“Нам ужо хопіць Астравецкай атамнай станцыі, якая ўяўляе вялікую небяспеку ў выпадку любога канфлікту. Калі ж з’явіцца яшчэ вайсковая база з самалётамі, здольнымі несці ядзерную зброю, то можна сказаць, што над Беларуссі навісне ядзерны парасон”, – дадае палітык.

DSC01701

* * *

Каля чатырох сотняў даследчыкаў з Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы, Нямеччыны ды іншых краінаў сабраліся на пяты Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі.

DSC01698

Гэтае буйное навуковае мерапрыемства традыцыйна праходзіць у горадзе Коўна ў Літве. Міжнародная і рэгіянальная бяспека – адна з асноўных тэмаў Кангрэсу.

„Патэнцыял салідарнасці беларускага грамадства – вельмі нізкі. Гэта тычыцца не толькі ўдзелу ў акцыях салідарнасці, але і магчымасцяў супрацоўніцтва”, – кажа філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч. Гэтую тэму, між іншымі, абмяркоўваюць у межах Кангрэсу даследчыкаў Беларусі, які праходзіць у Коўне:

– Гэта, напэўна, тлумачыцца тым, што ў нас няма каштоўнаснай еднасці. Мы так і не ўсвядомілі сябе беларусамі, што мы адзіны народ, незалежна ад нашых поглядаў, ад палітычных ці нейкіх іншых арыентацый. Усё гэта сёння не спрыяе таму, каб мы маглі нешта супольна рабіць, ці з нечым супольна змагацца.

Паводле даследавання, прадстаўленага Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі ды Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў, 38 працэнтаў беларусаў з’яўляюцца “апорай беларускай сістэмы”.  Прыкладна кожны пяты – арыентуецца на еўрапейскія паняцці ў плане лепшага побытавага жыцця.  Самая вялікая група – больш за 40 працэнтаў – беларусы, якіх эксперты назвалі групай “ігнору”, і якія не салідарызуюцца ні з кім.

«Пагрозы бяспецы — гэта ня толькі пытанне вайны на Ўсходзе Украіны, але і канфлікт у Сірыі, ды хваля ўцекачоў ад розных канфліктаў у свеце, таму, вельмі важна абмяркоўваць тэму бяспекі ў шырокім коле даследчыкаў з усёй Цэнтральнай і Усходняй Еўропы», —  мяркуе палітолаг, адзін з арганізатараў Кангрэсу, Андрэй Казакевіч.

— Свет цяпер узаемазалежны, тым больш, што Беларусь таксама мае пэўныя міжнародныя абавязкі і звязаная з Расеяй. І усё, што адбываецца ў стасунках напрыклад, паміж Расеяй і Захадам, паміж суседзямі Беларусі: Расеяй – Украінай, — усё гэта непасрэдным чынам уплывае на Беларусь, і на суседнія краіны таксама. Таму пытанне бяспекі — гэта тое, што тычыцца ўсяго рэгіёну. Гэта не можа быць вырашана нейкай адной краінай: аніводная краіна не можа абмежавацца нейкім каменным плотам і пачувацца бяспечнай.

****

Беларускае пытанне застаецца актуальным у Літве. Гэта выяўляецца ў грамадска-палітычнай сферы жыцця краіны, а таксама ў тым, што ўсё больш літоўскіх навукоўцаў і даследчыкаў звяртаюцца менавіта да праблемаў краіны-суседкі. Кажа супрацоўнік Універсітэту імя Вітаўта Вялікага ў Коўне Тамаш Блашчак, які ўдзельнічае ў Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі:

— З аднаго боку, гэта агульная гістарычная спадчына, з другога, — супольныя палітычныя праблемы, міжнародная сітуацыя, якая проста не дазваляе літоўскім даследчыкам не глядзець на Беларусь. З іншага боку, мне падаецца, што кангрэс ужо мае свой брэнд, сваю марку і ўсе ведаюць, што гэта найбольш цікавая навуковая імпрэза за ўвесь год.

Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Коўне распачаўся з абмеркавання тэмаў, прысвечаных беларуска-нямецкім адносінам, а таксама некаторым падзеям, звязаным з Другой сусветнай вайной. У межах кангрэсу працуюць выставы-продажы, між іншым, выдавецтва «АРХЭ» і «Палітычнай сферы».

****

Ад гісторыі Вялікага Княства Літоўскага – да сучаснага стану міжнародных стасункаў ды эканамічнай палітыкі. Абсяг тэмаў Кангрэсу даследчыкаў Беларусі, які пачынаецца ў Коўне, надзвычай шырокі, а ўдзельнікі прыехалі з розных краінаў свету.

Яна Запольская сустрэлася з адным з арганізатараў гэтага буйнога навуковага мерапрыемства — Аляксеем Ластоўскім. Паводле яго, вызначыць галоўную тэму ўсяго кангрэсу даволі няпроста:

— У мінулым годзе, на IV Кангрэсе, галоўнай тэмай была сітуацыя ва Ўкраіне, а цяпер, рэчы неяк стабілізаваліся, няма такой зацыкленасці на Ўкраінскай сітуацыі і можна сказаць пра вяртанне да нормы. Ёсць нейкія іншыя тэмы, якія з’яўляюцца прыярытэтнымі, хоць, відавочна, ёсць адбітак украінскай сітуацыі на тым, як будуецца секцыя па міжнародных дачыненнях, дзе менавіта пытанне рэгіянальнай бяспекі становіцца асноўным. Што да палітычнай секцыі, дык там сёлета паспрабавалі зрабіць адмысловую панэль, звязаную з масавымі акцыямі пратэсту ў рэгіёне краінаў Усходняй Еўропы, каб паглядзець, як становішча ў нашай краіне, дзе палітычныя пратэсты практычна зніклі, суадносіцца з трансфармацыямі, якія адбываюцца ў нашых суседзяў. Калі вяртацца да злабадзённых тэмаў, дык прыярытэты і тэматыка застаюцца стабільнымі: гісторыя ВКЛ, гісторыя ХХ стагоддзя. Шмат літаратуразнаўства сёлета, і, нават, ёсць уражанне, што мы стварылі такую пляцоўку, дзе збіраюцца тыя, хто хоча абмеркаваць сапраўды актуальныя праблемы даследаванняў беларускай літаратуры. Ну, і зноў жа, традыцыйныя: гендэр і так далей, этнаграфія, даследаванні музеяў…

 РР: Беларускія даследаванні ўсё ж такі тычацца больш Беларусі. Няма такога адчування, што з году ў год праграме даследаванняў непасрэдна звязаных з Беларуссю, а не такіх, дзе Беларусь неяк другасна праходзіць у тэме, становіцца менш?   

Мне падаецца, што тут мусіць быць прыярытэт, бо Кангрэс даследчыкаў Беларусі — гэта не абавязкова, каб даклад быў пра Беларусь. Нам заўжды цікава звязаць і параўнаць тое, што адбываецца ў краіне, з іншымі краінамі, суседзямі, з тым, што адбываецца ў рэгіёне, ці наогул з нейкімі міжнароднымі працэсамі. Калі мы будзем зацыклівацца выключна на нейкім самакапанні і глядзець толькі на тое, што адбываецца ў Беларусі, гэта звужэнне перспектывы. Калі мы збіраем вялікі кангрэс у замежнай краіне і ёсць магчымасць прыцягнуць мноства даследчыкаў, дык тады, якраз, праца ідзе на пашырэнне перспектывы, магчымасці параўнання і на тое, чаго, ў прынцыпе, нельга зрабіць на звычайных беларускіх канферэнцыях. У нас зусім іншы падыход.

 Цалкам гутарку з Аляксеем Ластоўскім слухайце ў далучаным файле:

У межах Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі пройдзе шэраг прэзентацый, між іншым, новых выданняў у выдавецтве «АРХЭ» і «Беларускай аналітычнай майстэрні», а таксама круглыя сталы.

У суботу ўвечары плануецца ўзнагароджанне аўтараў найлепшых навуковых публікацыяў за 2013-2014 гады.

Яна Запольская, Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя, Коўна

Фота: Яна Запольская