Ва Украіне абвешчана штармавая небяспека



Ва Украіне абвешчана штармавая небяспека, пасля чаго чакаюцца снегапады і маразы. Пра гэта абвясціў Украінскі гідраметцэнтр. Інфармацыя пра змену надвор’я тычыцца найперш тых беларускіх аўтамабілістаў, якія ў гэтыя перадсвяточныя дні выпраўляюцца на шопінг па ўкраінскіх крамах і рынках.

Непагадзь чакаецца найперш на Кіеўшчыне, Чарнігаўшчыне, а таксама ў Прыкарпацці. Згодна з паведамленнем украінскіх сіноптыкаў, на гэтых тэрыторыях магчымы вецер да 24 метраў на секунду, а таксама залевы і мокры снег. Пасля чаго тэмпература паветра панізіцца ўначы да мінус 6-11, а ўдзень да мінус 2-7 градусаў па Цэльсіі. Таксама не выключаецца галалёдзіца.

Дарожныя службы Украіны заклікаюць аўтамабілістаў не ездзіць без патрэбы ў гэтыя дні на доўгія адлегласці і пільна прытрымлівацца хуткаснага рэжыму.

Сіноптыкі мяркуюць, што непагадзь будзе доўжыцца ва Украіне да канца 2015 года.

 Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя