Ва Украіне пачаўся продаж зімовых тураў у Беларусь



Ва Украіне ўжо распачаліся продажы зімовых турыстычных тураў у Беларусь.

24

Пакуль яны прадаюцца толькі ў Роўна, Астрозе і ў Луцку, але ў хуткім часе да гэтых гарадоў далучацца тураператары Кіева і Львова.  З турыстычнымі прапановамі ў беларускім накірунку азнаёміўся наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Беларускі накірунак цікавы для ўкраінскага турыста двума чыннікамі: безвізавым рэжымам і суадносна таннымі коштамі тураў. Калядны тур пад назовам “Белавежская пушча” можа дазволіць сабе нават не надта заможні ўкраінец. Кошт для дарослага складае 600 грыўняў, то бок каля 20 еўра, а для непаўналетняга – на тры еўра менш.

Праграма тура аднадзённая, але насычаная: агляд Белавежскай пушчы і цудатворнай крыніцы, экскурсія ў рэзыдэнцыю Дзеда Мароза, а таксама наведванне вальернай гаспадаркі і музею прыроды. Тураператар абяцае аўтэнтычную беларускую кухню, гарбату з зёлкамі, а таксама абавязковы падарунак для ўсіх гасцей.

Мяркуецца, што тур у Белавежскую пушчу стане адным з самых зімовых тураў у заходнеўкраінскіх гарадах, сумежных з нашай краінай.

Акрамя каляднага тура ў Белавежскую пушчу, украінскія тураператары па-ранейшаму прапануюць і традыцыйныя экскурсіі ў Мір, Нясвіж, Менск і Берасце.

Беларускае Радыё Рацыя