Ва ўшацкім касцёле адбыўся фэст у гонар святога пакутніка Лаўрэнція



Ва ўшацкім касцёле адбыўся фэст у гонар святога пакутніка Лаўрэнція, заступніка гэтай мясцовасці. На ім прысутнічалі не толькі вернікі невялікай каталіцкай парафіі Ушачаў, але і вернікі з Полаччыны і Глыбокага. Свята наведалі і духоўныя асобы з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі.

Святога Лаўрэнція заўсёды ўшаноўваюць як на Захадзе,так і на Усходзе. Святы лічыцца апекуном пажарных, ягонага заступніцтва просяць пры хваробах скуры, ад пажараў і мукаў чыстца.

Кажа ксёндз касцёла Святога Лаўрэнція  Віталь Галец:

— Святы Лаўрэнцій з’яўляецца асаблівым апекуном нашай парафіі і нават горада. На шыльдзе горада таксама ёсць выява святога Лаўрэнція з бараной, на якой ён быў замучаны, спалены. Таму ў гэты дзень мы асабліва давяраемся, як і ў кожны дзень існавання гэтай парафіі. Мы верым, што гэта цуд, бо тут стаялі адны сцены з 1918 года, калі касцёл быў разбураны. У аснове сваёй тут людзі няверуючыя, таму гэтыя тэрыторыі асабліва патрабуюць Божага Слова і сведчання вернікаў, якія прыязджаюць з Глыбокага і іншых навакольных парафій.

 

Пасля святочнай імшы адбыўся канцэрт глыбоцкага касцельнага хору «Ave Maria».  Потым былі асвечаныя кандытарскія вырабы, якія спяклі мясцовыя вернікі для гасцей, і мёд. Асабліва пачастункам радаваліся дзеці.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя