Вадзім Жаромскі: Спадзяемся на лепшае…



Актывіст Вадзім Жаромскі распавядае, чаму з’явілася і чым можа скончыцца “справа Вячаслава Касінерава”.

Нагадаем, што днямі праваабаронцы прызналі палітвязнем Вячаслава Касінерава, арыштаванага за перформанс.

28 сакавіка 2017 года стала вядома, што актывісту Касінераву, які адбываў 15-суткавы адміністратыўны арышт за ўдзел у дэманстрацыі 17 лютага ў Менску, прад’яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства). Абвінавачаны ўзяты пад варту і пераведзены ў СІЗА, дзе ўтрымліваецца па сёняшні дзень.

Падставай для крымінальнага пераследу стала праведзеная ім 12 сакавіка каля будынку МУС у сталіцы акцыя-перформанс. Яна выразілася ў тым, што актывіст накінуў пятлю на статую паліцэйскага-гарадавога часоў Расейскай імперыі, усталяваную па замове міністра ўнутраных спраў каля будынка МУС падчас святкавання стагоддзя беларускай міліцыі ў лютым гэтага году. Такім чынам актывіст выказаў свой публічны пратэст супраць міліцэйскага самавольства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

Вадзім Жаромскі, які раней разам з Касінеравым быў фігурантам крымінальнай “справы графіцістаў”, кажа, што новая справа даволі перадузятая.

Вадзім Жаромскі: Справа – гэта поўнае глупства, бо няма аніякага складу злачынства ў дзеяннях Вячаслава. Максімум, што маглі прад’явіць, гэта хуліганства. Можна было яго прыцягнуць ад адміністрацыйнай адказнасці, бо там жа наогул ніякага рэальнага ўрону помніку не нанесена. Але сілавікі на працягу апошніх двух гадоў “мелі зуб” на Вячаслава Касінерава, а таму, як кажуць, свой шанц не ўпусцілі. Я ведаю, што міліцыянты нават не хавалі радасці, калі яго затрымлівалі і казалі: “Нарэшце мы накінулі на цябе кайданкі”.

РР: Якія вашы прагнозы па гэтай справе?

Вадзім Жаромскі: Магчыма, ужо напрыканцы гэтага месяца адбудзецца суд, хаця не думаю, што дадуць рэальны тэрмін. Могуць паздзеквацца над чалавекам, пакуль ён будзе ў ізалятары, а пасля даць які-небудзь штраф. Па меншай меры, мы на гэта спадзяемся.

РР: Праваабаронцы прызналі Касінерава палітвязнем. Гэты статус нечым можа яму дапамагчы?

Вадзім Жаромскі: Тут трэба глядзець на тое, якія далейшыя планы ў беларускіх уладаў на стасункі з Еўропай. Калі ім патрэбен новы палітычны закладнік, то ніякія статусы не ўратуюць. Але, калі афіцыйны Менск працягне гульню ў лібералізацыю з Захадам, то, як ужо казаў, тэрмін Вячаслаў не атрымае. На маю думку, тут усё больш празаічна – помста Касінераву з боку сілавікоў. Не сумняваюся, што яго добра “апрацуюць” за гэты час. Тым больш, да анархістаў з боку ўлады зараз падвышаная “любоў”. Прапагандысцкія фільмы пра беларускіх анархістаў, збіццё ў тралейбусе, справа Касінерава…  Усё гэта звёны аднаго ланцуга.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя