Вакол „Азова” разгортваецца шпіёнскі скандал



 Ва Украіне разгортваецца гучны шпіёнскі скандал вакол цывільнага корпусу добраахвотнага батальёна “Азоў”. У скандале ўсё часцей згадваецца і Беларусь, як тэрыторыя, дзе беспакарана дзейнічаюць расейскія спецслужбы.

Больш падрабязнасцяў ведае наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Старшыня цывільнага корпусу “Азова” Станіслаў Красноў быў затрыманы Службай Бяспекі Украіны месяц таму. Яго абвінавацілі ў доўгатэрміновым супрацоўніцтве з ФСБ, а таксама ў закладцы тайніка са зброяй пад Кіевым.

Доказы шпегунскай дзейнасці Краснова апрылюднеў старшыня СБУ Васіль Грыцак. Паводле заявы старшыні Службы Бяспекі Украіны, Станіслаў Красноў выяжджаў у Менск, дзе сустракаўся са сваім куратарам з расейскіх спецслужбаў Канстанцінам Галаскокавым, ад якога нібыта і атрымаў заданне падкласці выбухоўку пад будынкі Вярхоўнай Рады, Адміністрацыі прэзыдэнта, Кабінет Міністраў і СБУ.

У якасці доказаў СБУ апублікавала аўдыёперахоп менскіх тэлефонных размоваў паміж Красновым і расейскім спецслужбоўцам. Сам Красноў усе гэтыя абвінавачванні адкідае і напалягае на тым, што падчас арышту аператыўнікі СБУ выкарыстоўвалі супраць яго недазволеныя прыёмы.

Цывільны корпус “Азоў” – валанцёрская арганізацыя, якая дапамагае батальёну “Азоў”, які ўваходзіць у Нацгвардзію Украіны.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя