Валанцёры «Вясны» сустрэліся з гарадзенцамі



Прадстаўнікі валанцёрскай службы праваабарончага цэнта «Вясна» правялі ў Гародні сустрэчу з грамадскімі актывістамі. Гарадзенцы даведаліся пра гісторыю гэтага накірунку праваабарончай дзейнасці, а таксама пазнаёміліся з ацэнкай прайшоўшай у горадзе акцыі.

Пра гісторыю стварэння і дзейнасць валанцёраў «Вясны» распавядае адна з арганізатарак сустрэчы Наста:

— Узнікла ў 2012 годзе. Усё пачалося з такога накірунку як назіранне за грамадскімі акцыямі. Таксама мы займаемся маніторынгам судоў, судовых прысудаў, дапамагалі і будзем дапамагаць пры назіранні за выбарамі розных узроўняў. Таксама нашы валанцёры ўдзельнічаюць у назіранні ў іншых краінах, у Расеі, ва Украіне. Ёсць меркаванне, што будзем і ў іншыя краіны ездзіць. 

Па словах юрыста валанцёрскай службы Аляксея Лойкі, прайшоўшы ў Гародні «Марш недармаедаў – 2» стаў самым мірным у параўнанні з іншымі гарадамі Беларусі.

— Найбольш скажам так мірная акцыя і без наступстваў у выглядзе затрыманняў, бо па нашых звестках быў затрыманы адзіны прадстаўнік АГП Аляксандр Лаўрэнцьеў, якога асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. У параўнанні з акцыяй у Магілёве і Менску гэтая акцыя насіла найбольш мірны характар, не было ніякіх паважных наступстваў акрамя адміністрацыйнага арышту.

Па словах валанцёраў Вясны іх прысутнасць можна будзе заўважыць на акцыях па адмысловых блакітных камізэльках і актывісты валанцёрскай службы плануюць наведаць усе масавыя мерапрыемствы, што адбудуцца ў бліжэйшыя дні па Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя