Валянцін Стэфановіч: У справе затрыманых антыфашыстаў шмат пытанняў



Каля будынка Следчага камітэта ў Менску днямі невядомыя вывесілі расцяжку «Волю антыфа». Адказнасць за акцыю ўзяла на сябе група менскіх антыфашыстаў. Яны выказалі салідарнасць з аднадумцамі Вадзімам Бойка ды Іллём Валавіком. Міліцыя затрымала гэтых хлопцаў некалькі дзён таму і ўтрымлівае ў следчым ізалятары на Валадарскага. Фанатам-антыфашыстам выставілі абвінавачанне ў асабліва злосным хуліганстве. Ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Справай зацікавіўся намеснік старшыні праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч:

– Не заўсёды такія справы навідавоку. І патрабуецца час, каб разабрацца – што да чаго. Бо ёсць тут некаторыя моманты. Адзін з гэтых абвінавачаных раней затрымліваўся. Я маю на ўвазе, падвяргаўся адвольным затрыманням перад чэмпіянатам па хакеі ў Менску. Гэта сведчыць пра тое, што пэўная ўвага да яго была з боку спецслужбаў. Ну і, па-другое, ведаем, што зараз улады вялікую ўвагу надаюць розным нефармальным групоўкам.

Паводле Валянціна Стэфановіча, затрыманыя хлопцы — сябры клуба футбольных фанатаў «Тарпеда», дзе ёсць падзел на ўмоўных правых і антыфашыстаў. Паводле некаторых звестак, паміж імі адбылася бойка ў тралейбусе. Спачатку ў справе не было пацярпелых, аднак пазней адзін пацярпелы знайшоўся, прычым затрыманы за наркотыкі. У выніку абвінавачанне Бойку і Валавіку памянялі. На сайце Следчага камітэту звестак па гэтай справе няма.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя