Вандалы не даюць спакою старым могілкам



На вуліцы Віленскай у Слоніме знаходзяцца старыя могілкі, якім больш за 300 гадоў. На гэтых могілках знайшлі свой апошні прытулак вядомыя, заможныя і малавядомыя слонімцы, якія жылі ў XVII-XХ стагоддзях, а таксама тыя асобы, якія часова пражывалі на тэрыторыі старажытнага Слоніма.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Не толькі час, войны, але і злая воля ў савецкія часы спецыяльна нішчыла прыгожыя і каштоўныя помнікі, надмагільныя збудаванні і крыжы. 

У 1995 годзе Слонім наведала група студэнтаў з Любліна, якія разам з мясцовымі каталікамі некалькі тыдняў ўпарадкоўвалі могілкі і апісалі кожную магілу, плануючы выдаць пра старыя слонімскія могілкі кнігу.

Сёння ўжо няшмат засталося старых магіл і надмагільных помнікаў на Віленскіх могілках у Слоніме. Здалёк віднеецца помнік доктару Станіславу Бельскаму. Яго неяк час збярог. З помніка вынікае, што Станіслаў Бельскі быў добрым лекарам. Разам з ім пахаваная ягоная маці. Помнік устанавілі дваранства, калегі, мэрыя, пажарнікі і ўсе жыхары горада Слоніма.

На могілках некалі была магіла бацькі беларускага паэта Гальяша Леўчыка. Цяпер яе ўжо няма. Але не гэта сёння хвалюе і здзіўляе. А тое, што пад некаторымі старымі помнікамі і надмагільнымі плітамі на могілках на Віленскай вуліцы вандалы выкапалі ямы, разбурылі шэраг надмагільных пліт. Асабліва жудаснае становішча каля самых старых надмагільных збудаванняў. Вандалы па-ранейшаму не даюць спакою старым могілкам, дзе пахаваны нашы дзяды і прадзеды. Вось некаторыя здымкі са старых слонімскіх могілак на Віленскай вуліцы, зробленыя ў першыя вераснёўскія дні.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара