Вандроўны вулічны тэатр „Вір” едзе ў Эстонію



Карнавал, свята, станоўчыя эмоцыі, добры настрой… Усё гэта ствараюць дзякуючы свайму таленту артысты вандроўнага вулічнага тэатра „Вір”. У калектыве  працуе шэсць маладых акцёраў, якія імкнуцца ўдасканальваць свае ўменні і навыкі.

Па словах удзельніка вулічнага тэатра Мікіты Карчэўскага,  зараз яны працуюць над стварэннем двух даволі дзіўных перформансаў, якіх яшчэ ніхто не бачыў у Беларусі. Упершыню пакажуць яны гэтыя перформансы 26 чэрвеня ў Пярну ў Эстоніі.

– Гэта будзе перформанс з хадулямі. Ён будзе пакрыты таямнічасцю. Там будзе трошкі невядомых і дзіўных пачвар, якія спачатку будуць падавацца жудаснымі і бязлітаснымі, а ў выніку – мілавідныя, амаль ружовыя слонікі. Я спадзяюся, што ў нас будзе шанец прэзентаваць гэты перформанс і ў Беларусі.

Тэатр „Вір” прадстаўляе традыцыйную культуру Беларусі, танцы, гульні, забавы і культуру Сярэднявечча, карнавал, хадулі, танцы з агнём, а таксама працуе ў стылі мадэрн. Гэты тэатр існуе ўсяго толькі паўгода, але ўжо мае сваіх  прыхільнікаў. Асабліва карыстаецца папулярнасцю іх дзейнасць у Еўропе.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі