Гомельцы распачалі акцыю салідарнасці з Васілём Паляковым



Гомельцы распачалі акцыю салідарнасці з арыштаваным палітыкам Васілём Паляковым. Вядомыя актывісты і блогеры фатаграфуюцца з нацыянальным сцягам і плакатам з надпісам „Я такі як Васіль Палякоў”. Такім чынам беларусы выказваюць салідарнасць з затрыманым за ўзняцце бел-чырвона-белага сцяга палітыкам.

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка заклікае беларусаў далучацца да акцыі салідарнасці.

– Заклікаю ўсіх неабыякавых людзей змяшчаць у інтэрнэце фатаграфіі з надпісам: „Я такі як Васіль Палякоў”. Васіль выйдзе і ўсё гэта пабачыць, і гэта дасць яму дадатковыя сілы і разуменне таго, што ён не адзін. Я лічу, што гэтая акцыя павінна працягвацца. Пра яе трэба казаць усе пятнаццаць дзён арышту Васіля.

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў быў затрыманы на дазволенай уладамі акцыі 1 траўня ў Гомелі. У судзе Савецкага раёна Гомеля палітыка пакаралі 15 суткамі арышта ў сукупнасці за непадпарадкаванне міліцыі і парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Васіль Палякоў абвясціў галадоўку. Гэтак палітык пратэстуе супраць незаконнага арышту. Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка заўважае, што інфармацыю пра галадоўку Васіля Палякова ён атрымаў ад адваката.

– Адвакат наведаў Васіля ў камеры. Палякоў сказаў, што ён на знак пратэсту аб’явіў галадоўку, таму што лічыць прысуд незаконным. Суд прайшоў у закрытым рэжыме. Суддзя загадала закрыць дзверы знутры. Сын Палякова, публіка і прэса не змаглі прысутнічаць.

2 траўня суддзя Савецкага раённага суда Алена Шайн пакарала Васіля Палякова 15 суткамі арышту. Відавочцы затрымання палітыка сцвярджаюць, што ён пакараны менавіта за тое, што трымаў у руках нацыянальны сцяг.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота charter97.org