Васіль Палякоў: Гэта козыр, які ўлады падарылі апазіцыі



„Дэкрэт №3 „Аб супрацьдзеянні сацыяльнаму ўтрыманству” стане добрым аргументам для апанентаў улады ў час прэзідэнцкіх выбараў 2015 году”, – такое меркаванне выказвае намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў:

– Гэта козыр, які ўлады падарылі апазіцыі напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі. Таму безумоўна, хто б ні ішоў, хто б ні быў кандыдатам, падчас гэтай кампаніі ён будзе гэта выкарыстоўваць. Гэта вельмі добры аргумент, чаму гэтая ўлада не можа захоўвацца. Відавочна, што неабходны дэмакратычныя перамены і неабходны рынкавыя рэформы.

Беларускія дэмакратычныя партыі і аб’яднанні пакуль што да барацьбы за скасаванне скандальнага дэкрэту не далучыліся. Але ў сацыяльных сетках пачалі стыхійна ўтварацца суполкі, якія выступаюць супраць так званага падатку на дармаедаў. У „Фэйсбуку” колькасць сябраў суполкі „Партыя дармаедаў” перавысіла дзве тысячы асобаў.

Беларускае Радыё Рацыя