Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!



Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах.

У 1991-96 гадах набатам на ўвесь свет грымнула заснаваная ім аднайменная ж і адзіная ў сваім родзе газета “Набат”, нязменным рэдактарам якой з’яўляўся. Цяпер з’яўляецца рэдактарам сайта “Мы-нацыя!” Заснавальнік і кіраўнік сацыяльна-экалагічнага саюза “Чарнобыль”, днямі ён стаў сябрам створанага грамадска-кансультатыўнага савета па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

А яшчэ – у яго пісьменніцкім багажы да трох дзясяткаў уласных кніг ды ўдзел у калектыўных зборніках. З дня на дзень выйдзе з друку яго апошняя аповесць “Зямля, даруй…”, дзе ў тым ліку, таксама апавядаецца – пра Чарнобыль. Наш госць – грамадскі дзеяч і пісьменнік Васіль Якавенка:

РР: Спадар Васіль, я Вас віншую з тым, што сталі сябрам чарговага чыноўніцкага ўтварэння. Але мяне, мякка кажучы, бянтэжыць – чаму пра чарнобыльскі генацыд беларусаў з яго атрутамі ад малых доз радыяцыі, дрэнным і шкодным харчаваннем з забруджаных тэрыторый – гаворым толькі прынагодна, 26 красавіка?! Хоць ад пералічанага штогод памірае яўна больш, чым ад транспартных здарэнняў?!

Васіль Якавенка: Пры “камунізме” жыццё будавалася такім чынам, каб прыхаваць, калі што дрэннае, замоўчыць, знівеліраваць – “а мо абыдзецца”. Таму пералічанае Вамі адбываецца не з-за таго, што бракуе інфармацыі. Я ж таксама прыйшоў да разумення Чарнобыля не ў родных забруджаных Васілевічах, а адразу пасля аварыі ва ўрадавай бібліятэцы. Знайшоў кніжку, перакладзеную з ангельскай мовы, пра ўплывы радыяцыі на чалавечы арганізм. Праз нейкі час, калі ўжо пачаў займацца “тэмай”, зноў хацеў звярнуцца да яе. Аж не – знішчылі, як і ўсё праўдзівае тады. Але я ўжо стаў ездзіць у Зону – Хойніцкі, Рэчыцкі раёны. Пасля Магілёўшчына, дзе наогул забаранялася гаварыць пра наступствы радыяцыі. І гэта ішло з “вышынь” абкама партыі.

РР: Пасля вашых гэтых вандровак, мабыць, і ўзнік “Набат” у 1991 – унікальная і адзіная “чарнобыльская” газета, што праіснавала 5 наступных год. Пра якую Алесь Адамовіч з павагай гаварыў, што цяпер праўда пра Чарнобыль “пастаянна дзеючая”…

Васіль Якавенка: Пісьменнік Адамовіч проста малайчына! Ён не толькі першым паведаміў планеце праўду пра Чарнобыль. Але і пра тое, што на Магілёўшчыне штучная радыяцыя, якую свядома “пасеялі” чыноўнікі з тагачаснага Палітбюро КПСС. Яны з дапамогай летакоў рассеялі і “пасадзілі” радыяцыйныя воблакі, што прамой хадой рушылі на Маскву.  Такім чынам, зрабілі з Магілёўшчыны ды Гомельшчыны атамны палігон. Таму калі першы нумар “Набата” з’явіўся ў друку, я быў гатовы яго расцалаваць! Неўзабаве адкрылася, што апрача Беларусі і Украіны, у нас з’явіліся падпісчыкі ад Піцера да Далёкага Усходу. А на суседняй Браншчыне ўлады нават сталі забараняць газету для публічнага продажу.

РР: Што ж прымусіла перастаць біць у “Набат”?

Васіль Якавенка: У нас быў дзіцячы санаторый “Кюсю-на-Свіслачы”, які трымалі 4 гады дзякуючы гуманітарнай дапамозе 200 сяброў дабрачыннай японскай арганізацыі з аднайменнага вострава па дапамозе дзецям Чарнобыля. Яны прывозілі медыкаменты, абсталяванне, проста перадавалі грошы, якія таксама выкарыстоўваліся і для выдання “Набата”. З цягам часу падтрымка па незалежных прычынах перапынілася. Была і другая непрыемная прычына. Акурат у 96-м Міністэрства па надзвычайных сітуацыях вырашыла ўвесці ліцэнзіі на аздараўленне дзяцей. Якую нам… не далі. Прычыну цынічна не выбіралі – маўляў, у вас ў прыбіральні не хапае адной дзіркі, куды дзеці бегаюць па патрэбах. А не даць ліцэнзіі – перапыніць фінансавы паток як для санаторыя, так і для газеты. МЧС жа тады транжырыла грошы абы куды і абы як. І мы паводле моцнай фактуры падрыхтавалі разгромную публікацыю, пасля якой міністр падаў на “Набат” у суд і, прайграўшы, вымушаны быў забраць заяву…

РР: Але з пазіцый дня сённяшняга мусім зазначыць, што ўжо тады  ва ўладзе рыхтаваліся і знікненне статусу чарнобыльскіх ліквідатараў, і  каб на забруджаных землях перасталі праводзіцца рэгулярныя медычныя агляды і дапамога жыхарам, каб зніклі ільготы чарнобыльскай моладзі пры паступленні ў ВНУ і ўсё тое, што сёння маем рэальнасцю. Спадар Васіль, пытанне наўпрост. Чаму Вы, сумленны грамадскі дзеяч, увайшлі ў чарговае чыноўніцкае ўтварэнне? І галоўнае – у гэтым грамадска-кансультатыўным савеце будуць разглядацца пытанні, звязаныя з будаўніцтвам чарговага атамнага монстра –  Астравецкай АЭС?!

Васіль Якавенка: Туды, дарэчы, уваходзяць і кіраўнікі грамадскіх чарнобыльскіх арганізацый. Надзённыя пытанні будзем збірацца і абмяркоўваць, паводле палажэння, двойчы на год. Што да Астравецкай АЭС, дзейная дзяржава сказала УСЁ самае дрэннае – будаваць. Зараз найважней што яшчэ скажуць міжнародныя арганізацыі і як будуць дзейнічаць суседнія дзяржавы.

РР: Што ж, у Беларусі пабывалі ўжо тры місіі МАГАТЭ, якая, паводле статуту, не з’яўляецца “рэгулятарам мірнага атама”. Рытарычна спытаю – ці ўвайшлі ў іх справаздачы ацэнкі нашумелага падзення корпуса рэактара, іншыя аварыі, што паўтараюцца, інфармацыя пра некваліфікаваных рабочых, што працуюць?!

Васіль Якавенка: Сітуацыя больш чым недарэчная. Бо пра МАГАТЭ яшчэ ў тым жа “Набаце” пісалі, што гэта, нібы, аўтарытэтная міжнародная арганізацыя, калі ўбачыць злачынныя недахопы, тым не менш, не можа забараніць будаўніцтва. Больш таго, як адкрылася, спакойна і маўкліва назірае за няўвязкамі ў Астраўцы, атрымліваючы дывідэнды ў свой бюджэт. Значыць, мае пастаянную падтрымку ад мафіёзных розных атамных лобі. Нам застаецца чакаць калі станцыю пабудуюць – і запрацуе пасля ці не. Грамадскасць спрабавала ладзіць пікеты, узвышаць голас супраць будаўніцтва на “чарнобыльскіх шляхах”, але ведаем, што заканчвалася ўсё пасадкамі і штрафамі. Еўропа таксама чамусьці дзіўнавата-абыякава ставіцца да Астравецкай пагрозы, нібы, калі што,  да іх не дакаціцца.

РР: Тым больш, Вы, як геолаг па адукацыі, ведаеце, што будаўніцтва вядзецца на так званым геаграфічным разломе і што можа ў часе эксплуатацыі АЭС адбыцца, не скажа ніводзін акадэмік…

Васіль Якавенка: Пэўна ж! Улада, увогуле, ў грош не ставіла меркаванні вучоных, што давалі экспертныя ацэнкі “супраць” злачыннай будоўлі, паказвалі шкоду яе для Беларусі. Што зараз рабіць? Ды нічога – чакаць…

РР: Пакуль не ўзарвецца?!

Васіль Якавенка: Хіба так. А тады галаву будзем пасыпаць чарговым чарнобыльскім попелам і некага клясці. Найперш сабе…

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара