Велавандроўка па Берасцейскай крэпасці



У ваколіцах фарта № 8, што на Дуброўцы ў Берасці, прайшла азнаямляльная велавандроўка арганізаваная „Фондам развіцця Берасцейскай крэпасці”. Яе мэтай стала знаёмства гараджанаў з малавядомымі гісторыка-культурніцкімі аб’ектамі, якія маюць не выкарыстаны турыстычны патэнцыял. Кажа намеснік дырэктара фонду Аліна Дзеравянка:

– Мы ў мінулым годзе пачалі гэтую практыку і нам спадабалася, што гэта новая аўдыторыя, гэтая моладзь, якая цікавіцца з аднаго боку велаэкскурсіяй, велапакатушкамі, а з другога боку ім цікава нешта даведацца. Таму сыходзячы з досведу апошняга года мы палічылі, што трэба працягнуць і ў гэтым годзе. Гэта дазваляе прыцягнуць увагу да гэтых аб’ектаў з аднаго боку, а з другога боку распаўсюдзіць веды пра тое, што гэтыя аб’екты існуюць і што яны таксама адносяцца да Берасцейскай крэпасці.

Арганізатары распавялі пра гісторыю і цяперашні стан форта ды іншых абарончых будынкаў, што знаходзяцца ў межах горада. Таксама яны падзяліліся магчымымі канцэпцыямі ўбудавання гэтых аб’ектаў у турыстычную інфраструктуру Берасця. Кажа супрацоўнік „Фонду развіцця Берасцейскай крэпасці” Аляксей Заноўскі:

– Гэта гісторыя, гэтыя збудаванні нават проста банальна нанава збудаваць ужо немагчыма. Цяпер трэба проста знайсці магчымасць выкарыстоўваць іх так, каб яны далей не разбураліся, каб яны расказвалі гісторыю, якая ў іх ужо ёсць. Ёсць меркаванне, што іх варта расчысціць і зрабіць такі вялікі музей фартыфікацыі, але гэта вялізныя грошы.

Азнаямляльныя вандроўкі па горадзе з’яўляюцца часткай і чарговым этапам у праекце „Інвентарызацыі і дакументавання фартоў і ўмацаванняў крэпасці Берасце-Літоўскае”, які курыруе фонд. Магчыма, што вынікі будуць выкарыстаныя для стварэння і рэалізацыі канцэпцыі паступовага вяртання ў гарадскую прастору гэтых будынкаў, што прынясе карысць Берасцю, зазначылі прадстаўнікі фонду.

Цалкам рэпартаж можна паслухаць у далучаным аўдыёфайле.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце