Віфлеемскі агонь у Гародні



Шаснаццаты раз Віфлеемскі агонь міру наведвае Беларусь. Ліхтар з агнём унесены харцэрамі ў гарадзенскую базіліку – касцёл святога Францішка Ксаверыя, дзе біскуп Аляксандр Кашкевіч адслужыў урачыстую імшу.

Пасля набажэнства Віфлеемскі агонь пачынае падарожжа па Беларусі ды іншых краінах былога Савецкага Саюза. Вандроўка Віфлеемскага агню кожны год праходзіць пад адмысловым дэвізам, сёлетні – “Заўваж чалавека”.

Як зазначае пробашч касцёла святога Францішка Ксаверыя Ян Кучынскі, Віфлеемскі агонь нагадвае хрысціянам пра сімвалы, блізкія іх духоўным памкнення:

– Для нас гэта вялікі знак, сімвал нашай сувязі з усім хрысціянскім светам. Мы, хрысціяне, з’яўляемся цяпер адной вялікай сям’ёй ва ўсім свеце.

Кіраўнічка харцэрскай арганізацыі ў Беларусі Марына Юхо:

– Аганёк запальваецца і ў душы таго чалавека да якога ідзе, і агонь ён злучае людзей.

Увечары Віфлеемскі агонь будуць сустракаць вернікі Менска. Урачыстае ўнясенне ў архікатэдру адбудзецца перад вечаровай імшой у 18.30. У касцёле святога Францішка Ксаверыя ліхтар з Віфлеемскім агнём прабудзе да 6 студзеня – свята Трох Каралёў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня