Віктар Стукаў: Беларускі суд самы прадказальны



Каля трох гадзінаў доўжылася судовае паседжанне ў Полацкім раённым судзе. Прадпрыемства “Полацк-Шкловалакно” абвінавачвалася ў невыкананні рашэння суда не рабіць перашкодаў у дзейнасці завадской арганізацыі Свабоднага прафсаюза.

Пасля таго як на прадпрыемстве не падоўжылі працоўныя кантракты з прафсаюзнымі лідарамі і пачаўся ціск на сяброў прафсаюза, было прынята рашэнне не плаціць прафсаюзныя складкі праз завадскую бухгалтэрыю і трымаць спісы чальцоў прафсаюза у сакрэце ад адміністрацыі. Адміністрацыя палічыла гэта ліквідаваннем прафсаюзнай арганізацыі і перастала пускаць на тэрыторыю завода прафсаюзнага лідара Віктара Стукава.

І вось сёння, 18 кастрычніка, суд стаў на бок адміністрацыі прадпрыемства, – кажа Віктар Стукаў.

– Суддзя цікавую фразу прыканцы паседжання сказала: усё, што вы тут гаворыце, для мяне не мае ніякага значэння. Маўляў, яна лічыць, што прафсаюз павінен паказваць сяброўства ў прафсаюзе, а тое, што працоўных пераследуюць, я ж там на судзе расказаў, чаму мы не паказваем адміністрацыі прафсаюзныя спісы, то паводле суддзі, трэба скардзіцца, дамагацца, каб гэта было спынена – пераслед працоўных за сяброўства ў прафсаюзе.

То бок суд пастанавіў, што кіраўніцтва заводской прафарганізацыі павінна падаваць адміністрацыі прадпрыемства спісы сяброў прафсаюза. А тое, што іх будуць пераследаваць і спыняць з імі працоўныя кантракты – суддзя не ўзяла ў разлік і не палічыла вартым увагі.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя