Віктар Талмачоў: Маскоўскія “раздзярбанілі” “Маскоўскі” ў даўгабуд!



Расейскі Газпрам негалосна адмовіўся фінансаваць будаўніцтва свайго 17-павярховага хмарачоса на месцы разбуранага ім жа аўтавакзала “Маскоўскі”. Не ўдалося побач і пабудаваць, як планавалася, транспартную развязку ў Менску з вуліцы Філімонава на пляц Незалежнасці. Паведаміў экс-старшыня ініцыятыўнай групы супраць разбурэння „Маскоўскага”, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў і Менгарсавета, кандыдат тэхнічных навук Віктар Талмачоў.

img_1355

РР: Віктар Пятровіч, вы 4 гады, што існавала Ваша ініцыятыўная група, прадракалі, што будаўніцтва закончыцца “пшыкам”…

ТАЛМАЧОЎ: Так! Паўгода прайшло з дзён, калі ў літаральным сэнсе адбылося разбурэнне аўтавакзала “Маскоўскі”. Нягледзячы на 5 тысяч подпісаў пасажыраў з усіх куткоў Беларусі, сабраных “супраць”. Такім чынам, першая частка ўказа Лукашэнкі нумар 52 “Аб будаўніцтве шматфункцыянальнага комплекса” была выкананая. Аднак дагэтуль за прытоеным зараз ад старонніх вачэй парканам у два чалавечых росты амаль спартовая роўная пляцоўка з падмуркамі двух паверхаў на месцы прыгажуна-вакзала, за які архітэктар Мікалай Навумаў атрымаў Дзяржаўную прэмію асабіста з рук Лукашэнкі і 5 міжнародных узнагарод. Сёння ясна, што разбурэнне “Маскоўскага” сталася маштабнай транспартнай інфраструктурнай катастрофай. Для пасажыраў гэта звязана з дадатковымі эканамічнымі стратамі на перасадках – раз, са стратамі часу, каб зарыентавацца, як і з якіх прыпынкаў дабірацца да месца – два. Між іншым, большасць былых рэйсаў “Маскоўскага” сцягнутая на аўтавакзал “Цэнтральны” – вузкі “пятачок”, аўтападвал, дзе няма вентыляцыі, цесната…

РР: Усё выглядала невыгодным для Беларусі і раней – расейцы абяцалі кампенсацыю за знос у 17 млн даляраў, а вакзал зараз каштаваў бы ўсе 30! Гэта без уліку будучай амартызацыі. Самае непрыемнае – арэндная плата ў паўтара даляра за квадратны метр, калі ўсё-ткі ён быў бы пабудаваны...

ТАЛМАЧОЎ: І гэта ў цэнтры сталіцы! То бок, Газпрам, калі што, будзе плаціць мізэрную суму ў 300 тысяч даляраў у год. А кошт перасадак мільёна пасажыраў, што абслугоўваў “Маскоўскі”, ў 4 разы болей – 1 млн 200 тысяч “зялёных”. Між іншым, паводле нашага Грамадзянскага кодэкса, такая дамова можа быць аднабакова скасаваная.

РР: Калі будаўніцтва яшчэ не было замаруджанае, Вы бачылі выйсце ў аднаўленні “Маскоўскага”, заняўшы першыя тры паверхі будучага газпрамаўскага хмарачоса…

ТАЛМАЧОЎ: Так, але фінансы спяваюць рамансы. У тым ліку па геапалітычных прычынах.

РР: Вы маеце на ўвазе ўзніклую непатрэбнасць для Газпрама ўсяго комплекса ў будучыні?

ТАЛМАЧОЎ: Падобна на тое. Я маю на ўвазе фінансавую “прорву”, што ўтварылася для Расеі ў звяз з падзеямі ў Сірыі ды заходнімі санкцыямі супраць яе. Калі толькі і глядзі, гамана зойдзе не тое што пра пашырэнне, але пра змяншэнне паставак нафты і газа ў Еўропу. Дый на падыходзе сланцавыя танкеры з ЗША. Так што перспектыў высоўвацца на Захад праз Беларусь у расейцаў няма.

 РР: Ну а што з праектам транспартнай развязкі, у будаўніцтве якой асноўная зацікаўленасць беларускага боку? Кошт яе першапачаткова быў 60 млн даляраў, пасля ўзняўся да 120. Развязка падаецца, як вымушанае зло – барацьба з пробкамі, колькасць якіх на праспекце нарастае…

ТАЛМАЧОЎ: Хлусня! Я ў 80-х прапанаваў ідэю прадоўжыць вуліцу Каліноўскага праз пляц Незалежнасці да Францыска Скарыны, з выхадам у Партызанскі раён тагачаснаму галоўнаму архітэктару Менска Нікіціну. Атрымаўся б добры аб’яздны шлях для аўтатранспарта. Ёсць небяспека, што калі худа-бедна развязку запусцяць, узнікне таксама спакуса правесці дарогу не наўкола, а наўпрост – з Філімонава праз Севастопальскі парк. Але там забрудзяць водазабор “Зеляноўскі”, што з дапамогай дарагіх прыладаў забяспечвае Менск артэзіанскай вадой. Ахвяруе праграма “Чыстая вада”, на якую, дарэчы, дабрачынна некалі даў грошы Захад.  Да таго ж існуе еўрапейская практыка – не рабіць аб’яздныя шляхі ў цэнтрах мегаполісаў. Хоць, у прынцыпе, будаўніцтва завершанае. Але яны спачатку пабудавалі трохпавярховую эстакаду над вуліцай Філімонава. Пасля сталі перакручваць яе ў бок аўтавакзала Усходні. Тады зрабілі “рацпрапанову” увогуле ўбраць эстакаду і проста “прагнулі” зямлю на Філімонава. У перспектыве могуць “забіцца” вадаадходныя трубы.

РР: Чаго ж будзеце дамагацца бліжэйшым часам для аднаўлення “Маскоўскага”?

ТАЛМАЧОЎ: Хай Газпрам пасля вышэйшых перамоў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, што непазбежна адбудуцца, сабе пакажа ў будаўніцтве. Хаця б дзеля прэстыжу адновіць “Маскоўскі”, што носіць расейскую назву. Бо час ідзе, а праблема застаецца…

Віктар Талмачоў паведаміў, што праца яго ініцыятыўнай групы аднаўляецца. Але ўжо не супраць разбурэння, а за аднаўленне   аўтавакзала „Маскоўскі” на ранейшым месцы.

ФОТА: Талмачоў і тое што на пляцоўцы “Маскоўскага”.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара