Віктара Рубцова асудзілі дыстанцыйна на 14 сутак (абноўлена)



Гомельскі актывіст незалежнага прафсаюза РЭП Віктар Рубцоў не дачакаўся міліцыянтаў, якія мусілі яго даставіць у ізалятар часовага ўтрымання. Таму, сабраўшы неабходныя для арышта рэчы і прадукты, адправіўся ў міліцыю сам. Віктар Рубцоў перакананы, што ўлады вырашылі нейтралізаваць найбольш актыўных апанентаў Дэкрэта №3 напярэдадні „Марша недармаедаў”, які пройдзе 15 сакавіка ў Менску:

– Незразумелая паніка. Яны лічаць, што я і Максім можам ачоліць акцыі пратэсту. Робяць з нас Чэ Гевар. Спачатку мы проста былі дармаедамі, беспрацоўнымі, а цяпер паднялі наш статус. З дармаедаў мы ператварыліся ў рэвалюцыянераў.

Віктар Рубцоў асуджаны да 14 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным уладамі „Маршы недармаедаў” у Гомелі. Прысуд быў абвешчаны завочна ў адсутнасць актывіста.

* * *

14 сутак арышту прысудзілі гомельскаму актывісту незалежнага прафсаюза РЭП Віктару Рубцову ў судзе Цэнтральнага раёна. Суддзя прыняў такое рашэнне, нягледзячы на адсутнасць апазіцыянера ў судовай залі.

Завочны разгляд адміністрацыйнай справы аб парушэнні парадку альбо арганізацыі масавага мерапрыемства адбыўся без Віктара Рубцова. Судовы сакратар смс-кай папярэдзіла актыўнага ўдзельніка гомельскага „марша недармаедаў” пра час і месца правядзення суда за 2 гадзіны да пачатку пасяджэння. Усе спробы Віктара Рубцова перанесці час разгляду справы ні да чаго не прывялі, у выніку чаго вырак быў вынесены дыстанцыйна. „Збяру сумку і буду чакаць”, – так адрэагаваў на навіну пра завочнае правасуддзе Віктар Рубцоў.

Беларускае Радыё Рацыя