Віталь Рымашэўскі: Грамадства павінна адназначна ставіцца да абортаў



Міністэрства аховы здароўя Беларусі падтрымлівае прапановы хрысціянскіх дэмакратаў па абмежаванні рэкламы па перапыненні цяжарнасці. Прапановы Міністэрства будуць накіраваныя зацікаўленым пры ўнясенні зменаў і дапаўненняў у закон Рэспублікі Беларусь „Аб рэкламе”. Такі адказ за подпісам міністра Валерыя Малашкі атрымалі старшыня Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова і сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

– Ёсць кансэнсунс. Тыя, хто нават выступаюць нібыта за правы жанчын – за аборт, яны ўсе лічаць, што аборт – гэта зло, гэта па сутнасці забойства ненароджаных людзей. Таму гэта не мусіць быць звычайнай аперацыяй, як паход да стаматолага. Гэта спараджае няправільнае стаўленне людзей да гэтага і правакуе многіх дзяўчын на выкарыстанне падобнай практыкі, як звычайнай аперацыі. Хоць гэтыя клінікі, якія зарабляюць на гэтым грошы, і папярэджваюць пра наступствы пра здароўе жанчын, увогуле пра тое, што насамрэч адбываецца. 

Кампанія „У абарону жыцця” праводзіцца  з 2012 года і ўжо мае пэўныя поспехі, дадае яе кіраўнік Вольга Кавалькова. З яе слоў, трэба такімі маленькімі крокамі рухацца да таго, каб абараніць жыццё дзяцей і жанчын. Па статыстыцы ў Беларусі жанчыны штогод робяць каля 30 тысяч абортаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя