Вітольд Ашурак выйшаў на волю



З Цэнтра ізаляцыі правапрушальнікаў у Лідзе выйшаў на волю сябра Партыі БНФ Вітольд Ашурак. Актывіст быў асуджаны на 12 сутак адміністратыўнага арышту Лідскім раённым судом за ўдзел у лютаўскім Маршы недармаедаў, які прайшоў у Менску.

 

Адміністратыўны пратакол на яго быў складзены за некалькі дзён да Дня Волі, пасля чаго ён быў затрыманы і ў той жа дзень асуджаны. Такім чынам праваахоўнікі зрабілі ўсё магчымае, каб актывіст сустрэў 99-я ўгодкі стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі за кратамі.

Вітольд Ашурак:

– Падтрымлівала тое, што я знаходзіўся ў гэтай турме з-за сваіх перакананняў. І мяне браў гонар. Можа я і не магу паставіць сябе побач з тымі змагарамі за вольную Беларусь, якім таксама давялося сядзець і ў польскіх, і ў расейскіх, і ў савецкіх, і ў нямецкіх турмах. І вось цяпер нам давялося сядзець і ў беларускіх турмах.

Акрамя гэтага, Вітольд Ашурак быў пакараны штрафам у 5 базавых велічынь за няяўку па позве ў міліцыю. Разам з ім у Лідзе былі пакараныя сябра Партыі БНФ Валер Мінец і сябра Моладзі БНФ Аляксей Маркевіч, якія адбылі 10 і 3 сутак адміністратыўнага арышта адпаведна.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара