Вольга Астроўская навучыць беларускай мове “з нуля”



Гарадзенка Вольга Астроўская падрыхтавала да выдання кнігу-дапаможнік, каб навучыцца беларускай мове з нуля.

Дзякуючы сваім напрацоўкам дзяўчына ўжо выкладала беларускую мову на курсах “Мова Нанова” для дзетак, і яе выкладанне прыйшлося даспадобы не толькі дзеткам, але і іх бацькам.

Распавядае Вольга Астроўская:

– Тут у асноўным словы, якімі мы карыстаемся ў побыце кожны дзень. Слоўнікавы запас можа і не ўвесь, але тут большасць слоў, якія мы ўжываем у нашым жыцці. Дапаможнік менавіта для дзяцей дашкольнага ўзросту і першакласнікаў.

На думку стваральніцы дапаможніка, які мае назву “Вясёлка”, кніга можа стаць не толькі першым крокам для вывучэння беларускай мовы, але і таксама дапаможа дзеткам справіцца с першымі гадамі школьнага навучання. Вольга Астроўская звярнулася з дапамогай падтрымаць выданне кнігі да Глеба Лабадзенкі і спадзяецца, што кніга з’явіцца ўжо ў бліжэйшы час.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня