Вольга Мікалайчык: Штрафы нас не спыняць



Суд Маскоўскага раёна Менска разглядаў 20 чэрвеня адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў акцыі салідарнасці са Змітром Паліенкам. Зміцер Дашеквіч і Вольга Мікалайчык на суд не з’явіліся. Актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Леаніда Кулакова пакаралі штрафам ў памеры 50 базавых велічынь.

„Пакаранне ўсё адно вынясуць – ці буду прысутнічаць на судзе, ці не буду”, – кажа Вольга Мікалайчык.

– Я не пайшла, была позва, але я не пайшла. Таму што толькі на мінулым тыдні ездзіла ў Маладэчна на ўсе суды да Алесі Садоўскай. Тры суды было на тыдні ў іншым горадзе. На свае ўжо не хапае сіл. Я паеду туды за пастановай, яна праз 2-3 дні прыйдзе да мяне ў капэрце дахаты. Там будзе, канешне, штраф. Таму што гэта суд за пікет ля турмы. Звычайна яны даюць мне 10 мільёнаў. У мяне штрафу ўжо каля 100 мільёнаў, таму што ў мяне 14 пратаколаў.

Дата судоў над Паўлам Пракаповічам і Максімам Вінярскім пакуль не вядомая.

Вольга Мікалайчык кажа, што штрафы не спыняць іхняй салідарнасці са зняволеным.

– Гэта нас не спыняе. Будзем далей выходзіць на акцыі. Таму што гэта акцыі ў падтрымку тых, хто ў нядолі, каб адчуваў салідарнасць, што мы на яго не забыліся. Ён працягвае сядзець у турме на Валадарцы, суду над ім яшчэ не было. Яго наведвае адвакат. Я заклікаю, каб пісалі яму, каб ён адчуваў падтрымку, бо цяжка яму, канешне.

26 траўня грамадскія актывісты сабраліся каля СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. У пікеце, прысвечаным дню народзінаў Паліенкі, якому споўнілася 22 гады, прымалі ўдзел Зміцер Дашкевіч, Павел Пракаповіч, Максім Вінярскі, Вольга Мікалайчык, Сяргей Мацкойць і Леанід Кулакоў.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя