«Вольны горад» — у Крычаве



18 гадоў споўнілася адной з найстарэйшых незалежных газетаў краіны — «Вольны горад». Увесь гэты час яна выдаецца ў Крычаве, але распаўсюджваецца і па чатырох навакольных рэгіёнах. Напачатку выходзіла раз на месяц, пасля на два тыдні. Апошняе дзесяцігоддзе стала стабільна штотыднёвай. Нязменным застаецца і журналісцкі касцяк рэдакцыі. Дарэчы, напярэдадні выйшаў 593 нумар «Вольнага гораду».

Будучы ў вандроўцы па Усходняй Беларусі, бачыў на свае вочы — газету ў літаральным сэнсе рвуць з рук. Але былі часы, калі яе чыталі ўпотайкі ад начальства «кантораў», дзе працавалі. Тым не менш, як і ўсе незалежныя выданні, «Вольны горад» дагэтуль афіцыйна не зарэгістраваны. А значыць, не мае падпіскі, распаўсюду праз шапікі «Саюздруку».

Cёння глабальная тэма выдання — сітуацыя на буйнейшым крычаўскім прадпрыемстве «Крычаўцэменташыфер». Матэрыялы пра бяздзеянне ды карупцыю кіраўніцтва, незаконныя звальненні і гаротны стан працоўных з′яўляюцца, бадай, у кожным нумары. Зрэшты, пра ўсё астатняе – у дыялогу з нашымі героямі. Гэта будуць рэдактар Сяргей Няроўны ды яго верны паплечнік Мікалай Гердзій.

IMG_1054

Я сустрэўся з імі ў драўляным доміку, у адной з бакавых вулачак Крычава, што належыць таксама нязменнаму заснавальніку ды выдаўцу Уладзіміру Кудраўцаву. Дзе й месціцца рэдакцыя. Перад гэтым пабываў і ў карпункце ў Клімавічах. Але пра ўсё па парадку.

IMG_1057

РР: Сяргей, калі 18 гадоў таму вы сабраліся, каб пачаць «Вольны горад», што ўкладалі ў назву — нязбыўныя мары ці ваша разуменне пра яго, як пра славуты «Горада Сонца»?

Сяргей Няроўны:  Мы памяталі, што Крычаў мае гістарычныя традыцыі вольнага гораду. Калісьці ў нас Вашчыла верхаводзіў — «панам даваў, чубы трашчалі». Разумелі ў 1998, што з прыходам Лукашэнкі перспектываў «вольнасці» няма. Свабоды ды правы чалавека парушаюцца. І трэба на аднаўленне Вольнасці працаваць.

IMG_1063

Сяргей Няроўны

РР: Як склалася каманда?

Сяргей Няроўны:  Напачатку вакол выдаўца — асацыяцыі «Гуманітарная ініцыятыва». Але апошняя афіцыйна праіснавала да 2000 года. Потым абласны суд ў асобе суддзі Ткачова яе закрыў з прычыны таго, што мы не заяўленымі, паводле статуту, праблемамі займаемся,  але «ўмешваемся ў палітыку ды назіраем за выбарамі». Пасля гэтага выдаўцом стаў наш палымяны сябар і тагачаснага БНФ «Адраджэнне» Уладзімір Віктаравіч Кудраўцаў. Мы з ім з той старой каманды і дагэтуль.

РР: Ну а сп. Мікалай Гердзій чыноўніцкае крэсла намесніка старшыні райвыканкама змяніў на пераменлівы цыганскі лёс незалежнага журналіста ў 2003?

Мікалай Гердзій: Ну гісторыя была доўгай. Дагэтуль я быў старшынёй райсавета прадпрымальнікаў-наймальнікаў, дзе для 26-тысячнага горада было да тысячы сяброў. Калегі вырашылі, што я мушу зарэгістравацца кандыдатам у дэпутаты аблсавета, каб адстойваць правы дробных бізнесоўцаў. Я паабяцаў, але мне з «вярхоў» загадалі зняцца. Адказаў, што не збіраюся сабе весці, як прастытутка ў адносінах да людзей, што мне вераць. Дый, увогуле, тое, як праводзілася ў раёне палітыка ў сацыяльнай  сферы, развіцці эканомікі – не знаходзіла ў мяне, як у “зама”, што курыраваў акурат прамысловасць, паразумення з былым старшынёй райвыканкама  Сіваем Аляксандрам Мікалаевічам. Між іншым, па рознасці падыходаў да сітуацыі на «Крычаўцэменташыферы» мы й непасрэдна разышліся.

IMG_1059

РР: Мікалай, але чаму вы пайшлі менавіта ў незалежную газету?

Мікалай Гердзій: Бо толькі праз недзяржаўную газету ў нашых умовах можна дастукацца да грамадскай думкі, каб паказаць некампетэнтнасць ды неадэкватнасць рашэнняў мясцовай улады па пытаннях, што хвалююць людзей. Дайце веры — вертыкаль ператварыла ў нішто ранейшы трэці па значнасці прамысловы раён Магілёўшчыны. З былых квітнеючых 9 прадпрыемстваў працуючымі засталіся толькі два. Па выніках мінулага года Крычаўшчына стала адзіным рэгіёнам у краіне, дзе не надаілі двух з паловай тысяч літраў малака на адну карову. Хіба не поўная дэградацыя?! Неяк публічна сабраліся да двухсот пратэстуючых з просьбай, каб іх пачулі. На іх звароты не адгукнуўся аніводзін «дзеяч» з вертыкалі. І нават вертыкальная ж райгазета «Крычаўскае жыццё» — пра што ж тады яны пішуць?!

РР: Затое пра гэта піша «Вольны горад». І магу сам засведчыць, што гэта ў людзей знаходзіць водгук. Памятаю, Сяргей, як нас удвох убачылі ў часе майго засялення ў крычаўскі гатэль. І пасля адміністратарка, што цябе пазнала, запытала ў мяне: Прыехаў у «Вольны горад?» — Адкуль ведаеце? — А ў нас пра «ВГ» кожны сабака ведае — быў прастадушны адказ. Усё ж калі наступіў момант, што, як тыя камуністыя казалі, «дайшлі да кожнага?»

Сяргей Няроўны: Калі акурат у рэдакцыю прыйшоў Мікалай Гердзій – настолькі моцная і таленавітая фігура. Калі самі вертыкальшчыкі сталі прасіць, каб ім прыносілі «Вольны горад» для вывучэння. Дакладна вядома, што Іван Пракопаў, былы старшыня райвыканкама, часам пытаў у падначаленых у часе планёрак: «Вольны горад» апошні чыталі? Калі не, ідзіце чытайце і прымайце меры! Але пры гэтым, як слушна некалі сказаў юрыст БАЖ Юрый Тапарашаў, пры гэтай уладзе «Вольнаму гораду» рэгістрацыя не пагражае..

РР: Вы ў мінулым прайшлі праз канкрэтныя рэпрэсіі…

Сяргей Няроўны: 15 сакавіка 2006, за 4 дні да выбараў, прыйшлі на працу — а там спецаперацыя. Чалавек 20 АМАП-у цягаюць кампутары з рэдакцыі. Нейкі ў цывільным папярэдзіў, каб нават не ўваходзілі, бо ёсць падазрэнне, што мы скралі іх у мясцовай райбальніцы. Такая брудная праца міліцыі ды КДБ была. А раней мяне і яшчэ аднаго супрацоўніка абвінавацілі ў захопе ў закладнікі міліцыянта і пагражалі пяццю гадамі за кратамі. Насамрэч была мэта пад пагрозамі прымусіць з′ехаць «надакучлівых мух» куды-небудзь на Захад з вачэй далоў. Але, як бачыце, ня з′ехалі і «Вольны горад» жыве…

РР: Перанясёмся ў Клімавічы, дзе я таксама пабываў у вашым карпункце, дзе працуе калега Сяргей Аржанцаў. Я спытаў яго пра ягоны шлях у газету.

Сяргей Аржанцаў: Для мяне ён пачаўся пры канцы 90-х, калі Лукашэнка пачаў заціскаць СМІ. Пры чым усе — тады ж не было дзялення на дзяржаўную-недзяржаўную. Усе больш-менш спрабавалі пісаць аб′ектыўна. Але пасля ўціску ў шэрагу раёнаў пачалі з′яўляцца першыя незалежныя выданні. Імі займаліся, як правіла непрафесіяналы, што не мелі аўтараў ды матэрыяльных сродкаў. І… хутка згасалі. Тым больш, і з-за жорсткай рэакцыі ўладаў — хто дазволіў з’явіцца нечаму «непадкантродьнаму»? А вось у Крычаве адразу ўсё прафесійна зладзілася. І хутка пайшла пагалоска: калі дзяржаўная раёнка «брахалаўка», дык нейкая незалежная газетка «пляткарка», бо не цураецца «сарафаннага радыё». І ў 2000 годзе сам стаў аддаваць у «Вольны горад» першыя матэрыялы, а пасля і друкавацца.

IMG_1013

РР: У Клімавічах тады таксама былі “гарачыя” часы накшталт Расеі 90-х, калі ўсё грымела карупцыяй ды крыміналам. Калі ўсе бачылі, што нешта адбываецца, але не разумелі хто за што і з кім…

Сяргей Аржанцаў: Так, было змаганне за сферы ўплыву, што заканчвалася звальненнем і нават забойствамі кіраўнікоў, міліцыянтаў. Мы пра гэта актыўна пісалі. І тады ж мясцовыя ўлады сваім тупаватымі рэакцыямі на публікацыі зрабілі нам добрую рэкламу. Збіралі актывы, дзе казалі, што трэба знайсці «пісак» і пакараць. Фактычна пасля гэтага людзям наадварот актыўна хацелася знайсці газеты ды іх пачытаць… Спробы ж нас нейтралізаваць не знікаюць. Цяпер у маіх Клімавічах татальнае беспрацоўе. Дык пры канцы мінулага года паступіла прапанова ад вертыкалі працаўладкавацца. Аж толькі каб «ніякіх вольных гарадоў»…

Сяргей Няроўны: Акрамя Клімавіч, у нас карпункты ў Чэрыкаве начале з Мікалаем Царковым і ў Краснаполлі. Пры канцы 2013 у нас з′явіўся і ўласны сайт у Інтэрнэце: www.gorad.info. У лепшыя дні, дзякуючы «ёлачцы» ведаем, што яго наведвае да 1100 чалавек.

РР: А дэвіз ёсць у «Вольнага горада»?

Сяргей Няроўны:  «Жыве Беларусь» заўсёды. «Жыве Вольны Крычаў». Увогуле, за дэмакратыю, незалежнасць, свабоду і прыватную ўласнасць.

Пры канцы пытанне аксакалу ды заснавальніку выдання – 78-гадоваму Уладзміру Кудраўцаву.

IMG_1058

РР: Дзядзька Валодзя, збіраецеся дажыць да змены рэжыму?

Уладзімір Кудраўцаў: Я пакляўся жыць 100 гадоў і адзін дзень, каб дачакацца калі ён знікне. Жыве Беларусь!

IMG_1056

IMG_1055

IMG_1062

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара