Восеньскія Дзяды



2-га лістапада ў Беларусі адзначаецца Дзень памяці, або Восеньскія Дзяды, як называюць гэты дзень у народзе. У беларусаў Восеньскiя Дзяды – свята сямейнае, у гэты дзень наведваюць могілкі і памінаюць усіх продкаў. За некалькі дзён да малітвы на могілках за душы памерлых людзі прыбіраюць ля магіл. Гавораць вернікі Віцебскай дыяцэзіі:

–  Дрэў няма, лістоў няма – усё добра. Тут нашыя ўсе пахаваныя.

– Пакуль толькі прыбіраем, а маліцца яшчэ будзем.

– 2 лістапада – Дзень Задушны, моляцца.

– Я ўвесь час малюся за ўсіх сваіх памерлых. А памерлі яны рана, маладымі: сын памёр у 27 гадоў, дачка – у 43 гады, унучка – у 23, пакінуўшы хлопчыка. І браты памёрлі. 5 маладых чалавек пахавала.

– Тут пахаваны нашыя дзядзуля, бабуля, тата, мама, сёстры, браты. Нас 8 чалавек было. Цяпер усе пахаваныя, я адна засталася.

Восеньскiя Дзяды практыча аб’ядналі дзве традыцыі – праваслаўную і каталіцкую. У каталікоў гэты дзень называецца Задушным, праваслаўныя ж у Беларусі адзначаюць Дзімітраўскую памінальную суботу ў першую суботу перад 8-ым лістапада.

Так, 2-га лістапада каталіцкае насельніцтва Гародні сем’ямі прыходзяць на могілкі, каб аддаць павагу тым, хто пакінуў гэты свет. Запальваюць знічы, упарадкоўваюць магілы, ставяць кветкі. Выходны дзень у Беларусі пры гэтым для каталікоў адсутнічае, але, не зважаючы на гэта, яны ўсё роўна бяруць вольныя за свой кошт на працы і прыязджаюць на месцы, дзе пахаваны іх продкі. Святая імша і працэсія адбылася таксама і на самых старых каталіцкіх могілках у Гародні, дзе раней хавалі заможных і вядомых гарадзенцаў.

– Прыходзім сюды ўсе і запальваем у знак памяці свечку, ставім кветкі. А перад гэтым прыбіралі тут, каб больш-менш чыста было. А там, дзе няма родных, то і магілы запушчаныя, недагледжаныя.

– Тут і муж мой, і мама, і тата, дзядуля, бабуля. Раз у месяц дакладна бываем тут.

– Я лічу, што калі мы не памятаем пра мінулае, то не быць і будучыні.

Гарадзенскія старыя каталіцкія могілкі былі закладзены ў 1792 годзе. Сярод вядомых гарадзенцаў на іх пахаваны пісьменніца Эліза Ажэшка, архітэктар Джузэпэ Сака, шанаваны ў Гародні святар Міхал Арановіч і ксёндз Мельхіёр Фардон, які быў далучаны да ліку святых.

Беларускае Радыё Рацыя