Вучыцца, каб дзейнічаць



Вучыцца ніколі не позна, і чалавек павінен мець права атрымліваць дадатковую адукацыю цягам усяго жыцця. “Вучыцца, каб дзейнічаць”. Пад такім дэвізам у Менску распачаў працу  фестываль нефармальнай адукацыі. Пра яго ўдзельнікаў нашаму карэспандэнту расказаў выканаўчы дырэктар Асацыяцыі дадатковай адукацыі і асветы Андрэй Ляўко:

– У міжнародным адукацыйным цэнтры адбываецца фестываль нефармальнай адукацыі. У Менску сабралася больш за 250 спецыялістаў у сферы дадатковай адукацыі, людзей, якія ва ўсёй Беларусі працуюць з дарослымі. Праводзяць разнастайныя адукацыйныя праграмы ў межах дзейнасці дзяржаўных устаноў і недзяржаўных арганізацый, камерцыйных трэнінгавых цэнтраў і іншых арганізацый. Гэта ўжо шосты фестываль, праводзіцца ён раз на два гады, і першы мы ў 2006 годзе правялі.

Аб’яднаная Еўропа надае вялікаю ўвагу дадатковай адукацыі не толькі ў сваіх межах, але і ў суседніх краінах. Пра гэта сведчыць удзел у адкрыцці фестывалю кіраўніка Прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі амбасадара Андрэа Віктарын.

Максім Клімковіч, Беларускае Радыё Рацыя