Вучыцца за мяжу з’язджае ўдвая больш студэнтаў, чым прыязджае ў Беларусь



Такія даныя даследавання навукоўцаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта, якія дацэнт БДУ Людміла Факеева прадставіла на міжнароднай канферэнцыі „Міграцыя і дэмаграфічнае развіццё Рэспублікі Беларусь і сумежных краін” 15 лістапада ў Менску. Паводле яе слоў, выкарыстоўваліся розныя адкрытыя даныя, у тым ліку статыстыка ЮНЕСКА.

Штогод з Беларусі з’язджае на навучанне каля 35 тысяч чалавек, а прыязджае каля 15 тыс. Адмоўнае сальда студэнцкай міграцыі назіраецца на працягу апошніх 15 гадоў, адзначыла Факеева.

Большасць беларускіх студэнтаў вучыцца ў Расейскай Федэрацыі, Польшчы і Літве. «У фарміраванні выязнога турызму дамінуюць краіны-суседзі, вядучая роля належыць фактару геаграфічнай блізкасці краін і лінгвістычным», — сказала дацэнт БДУ.

Уязны паток фарміруюць студэнты з Цэнтральнай і Усходняй Азіі, роля краін-суседак менш значная. Большасць замежных студэнтаў — грамадзяне Туркменістана, Расейскай Федэрацыі. Колькасць грамадзян Кітая сярод студэнтаў-замежнікаў набліжаецца да 10%, паведаміла Факеева.

«Вучэбная міграцыя спрыяе развіццю і ўмацаванню палітычных, эканамічных, навукова-тэхнічных кантактаў Беларусі з краінамі — пастаўшчыкамі студэнцкіх мігрантаў. Навучальныя мігранты не толькі прыносяць фінансавы прыбытак, але і спрыяюць стварэнню пазітыўнага вобразу Беларусі ў свеце», — падкрэсліла Факеева.

БелаПАН