Вячаслаў Сіўчык выйшаў на волю



Адзін з лідараў руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык 18 мая выйшаў на волю пасля адбыцця 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, якая прайшла 1 мая ў Менску.

Пра ўмовы побыту арыштаваных і парушэнні рэжыму з боку адміністрацыі турмы з вызваленым Вячаславам Сіўчыкам гутарыць Павел Генадзіч.

РР: Як увогуле прайшлі гэтыя суткі, на што звярнулася ўвага найперш?

— Па-першае, гэтыя суткі былі для мяне не зусім трывіяльнымі, бо, як вы ведаеце, гэта зусім не першы мой адміністрацыйны арышт, але ўпершыню я быў вымушаны трымаць галадоўку. Калісьці мне прыходзілася прыязджаць у гэты будынак і намаўляць актывістаў, каб яны не трымалі галадоўкі. Я быў катэгарычна супраць таго, каб на адміністрацыйных сутках былі галадоўкі. Бо яны маюць свой тэрмін і проста не хацелася, каб моладзь псавала сабе здароўе. Раней адміністрацыя нават дапускала мяне туды, і я ўгаворваў такіх вядомых дзеячаў як Яўген Скочка, і іншых, спыніць галадоўку. Зараз я быў вымушаны пайсці на гэты крок не таму, што быў несправядлівы і незаконны прысуд, беларусы ўжо звыкліся да прававога бязмежжа, а таму, што я ведаў пра тыя змены, якія былі незаконна ўнесеныя ў распарадак гэтай установы з 2016 года. У знак пратэсту супраць гэтых нялюдскіх умоў, у якіх жывуць беларусы, я быў вымушаны трымаць галадоўку. І дзякуй Богу, што я гэтую галадоўку вытрымаў і выйшаў. Адзіны плюс ва ўсім гэтым тое, што ў мяне няма гэтага знакамітага рахунку ў 11 рублёў 50 капеек за кожны дзень, які даецца бедным беларусам за кожныя суткі, праведзеныя ў гэтай установе, і ва ўстановах падобнага тыпу. На жаль, гэта не асабістая рэч: у 2016 годзе было каля 350 тысяч прысудаў па адміністрацыйных справах  і наколькі я разумею, недзе палова гэтых прысудаў — менавіта суткі. Умовы былі жахлівыя, якія засталіся яшчэ ад Савецкага Саюза, мы, як маглі паляпшалі гэтыя ўмовы. Калі я трапіў сюды ўпершыню, тут праз дзень кармілі. Я ганаруся дзейнасцю вядомага праваабаронцы Валерыя Шчукіна, які дамогся, каб людзі прынамсі елі лыжкамі. Я не думаў, што ў 2017 годзе тут будзе такое дзікунства, якое цяпер бачна тут.

РР: А хто быў з вамі ў камеры? Якія настроі сярод людзей?

— У сувязі ў тым, што я — прадстаўнік апазіцыі, дык у маёй камеры як, мяркую, і ў камерах іншых дзеячаў апазіцыі, была праведзена бліскучая аперацыя анты-бомж. Камера заўсёды была перапоўненая, і толькі калі я выходзіў на 6 месцаў было 5 чалавек, звычайна ж мы жылі па 7 чалавек на 6 месцаў. Прычым там 6-13 траўня знаходзіўся 64-гадовы бомж, хоць ён казаў, што ён не бомж, які ў гэтай установе правёў 32 сутак. Ён абсалютна хворы, нікога з людзей, якія тут працуюць, гэта не цікавіла. Ён не можа самастойна хадзіць у прыбіральню, ад яго проста смярдзіць, у камеры былі адпаведныя пахі і ўсё астатняе… Ну, у прынцыпе, мы і раней казалі, дваццаць гадоў таму, што ўсё гэта прыгадвае нейкую грамадскую прыбіральню, а цяпер да гэтага яшчэ дадаліся і абсалютна свядомыя здзекі над беларускім народам. Бо мала таго, што з беларусаў трэба выціснуць з грошы, дык трэба з іх яшчэ і паздзекавацца.

РР: на што найперш цяпер мае звярнуць увагу грамадства, праваабаронцы?

— Я вельмі прашу, карыстаючыся тым, што Радыё Рацыя ўсё ж незалежная радыёстанцыя, звярнуцца праз вас і да «Радыё Свабода» і да «Белсату», каб абавязкова з’явіліся перадачы на прадмет таго, у якім стане цяпер знаходзяцца адміністрацыйныя турмы ў нашай краіне, каб усё ж такі была абмеркавана з тымі, людзьмі, якія знаходзіліся за кратамі, і праваабаронцамі, сітуацыя, якая склалася ў гэтых установах. Бо  тое, што праваабаронцы церпяць вось гэтыя змены, якія зроблены ў іх на вачах, гэта проста немагчыма. Гэта сапраўды катаванні людзей, якія адбываюцца ў нас на вачах.

Днямі таксама былі вызваленыя ўдзельнікі першамайскай акцыі Павел Севярынец і Максім Вінярскі, якія правялі пад арыштам 15 сутак. Уладзімір Някляеў, які таксама быў прыцягнуты да суду за ўдзел у гэтай акцыі, быў засуджаны да буйнага штрафу – 1000 беларускіх рублёў, што адпавядае прыкладна 2000 польскіх злотых.