Вячаславу Сіўчыку прысудзілі 15 сутак



Апазіцыйны палітык Вячаслаў Сіўчык, адзін з лідараў руху салідарнасці „Разам”, арыштаваны на 15 сутак за ўдзел у акцыі, якая прайшла 1 мая ў цэнтры Менска. Такое рашэнне прыняў 4 траўня суд Цэнтральнага раёна Менска.

Суддзя Міхаіл Хома прызнаў Сіўчыка вінаватым па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (паўторны на працягу года ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве).

Палітык быў затрыманы 3 мая прыкладна ў 16.15, калі вяртаўся ў Мінск з акцыі ў Барысаве. У маршрутку, дзе Сіўчык ехаў, селі двое ў цывільным. На выхадзе яны скруцілі яму рукі і запіхнулі ў мікрааўтобус без нумароў. Ноч да суда затрыманы правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП).

Прыгавор суда Сіўчык назваў фармальным. „Мы пазбавіліся гэтага суда з 1996 года, і я, і мой адвакат казалі аб працэсуальных парушэннях, таму лічым, што не было наогул ніякіх падстаў разглядаць справу ў судзе”, — заявіў палітык. Ён абвясціў галадоўку, але не ў сувязі з рашэннем суда, а з-за дрэнных умоваў утрымання ў ЦІП.

Раней за першамайскую акцыю ў Мінску на 15 сутак арышту былі таксама асуджаныя апазіцыянеры Павел Севярынец і Максім Вінярскі — апошні пасля вынясення прыгавора таксама абвясціў галадоўку.

4 мая ў судзе Цэнтральнага раёна павінна быць разгледжана адміністрацыйная справа яшчэ аднаго затрыманага за ўдзел у першамайскай дэманстрацыі актывіста апазіцыі  — Яўгена Афнагеля. Аднак, паводле наяўнай інфармацыі, у суд яго яшчэ не даставілі.

Адміністрацыйны пратакол за ўдзел у акцыі 1 мая сёння па пошце атрымала і Марына Адамовіч — жонка апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча.

У несанкцыянаванай апазіцыйнай акцыі 1 мая ў Мінску ўзялі ўдзел прыкладна 300 чалавек. Яны сабраліся на Кастрычніцкай плошчы і пасля кароткага мітынгу прайшлі да плошчы Незалежнасці, дзе была прынятая рэзалюцыя з сацыяльна-эканамічнымі і палітычнымі патрабаваннямі да ўлад. Акцыю анансаваў Мікалай Статкевіч, аднак ён быў затрыманы 28 красавіка, асуджаны на пяць сутак арышту і выйшаў з ЦІП толькі ўвечары 3 мая.

БелаПАН