Вялікдзень у адным з касцёлаў на Гарадзеншчыне



Каталікі адзначылі галоўнае свята літургічнага году – Уваскрасенне Хрыстова. Сотні тысяч вернікаў Прынёманскага рэгіёна пачалі нядзелю з Велікодных працэсій і святочнай рэзурэкцыйнай імшы, на якой святары абвесцілі «Хрыстос Уваскрос!». Як зазначае пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Гожа Гарадзенскага раёна, ксёндз Павал Шанчук, свята Уваскрасення прыносіць надзею на новае жыццё і веру ў тое, што паўсядзённыя цяжкасці пераадольваюцца разам з Богам:

 — Гэта свята радасці, свята супакою, але перш за ўсё гэта вялікая надзея, што жыццё не заканчваецца ў хвіліну смерці, але Пан Езус абяцае вечнае жыццё.

— У нядзельку ўстаём рана і ідзем у касцёл, нясем на асвячэнне, хто ў нядзелю, хто ў суботу асвячае, як каму выпадае. У нядзелю з касцёла прыходзім дахаты. Сядаем, накрываем стол, прыходзяць сваякі, сходзімся разам. Паямо, адпачнём, а потым сходзім на могілкі, праведаем сваіх,так і пройдзе свята. 

Гарадзеншчына традыцыйна лічыцца найбольш каталіцкім рэгіёнам Беларусі. Тут пражывае каля трохсот тысяч каталікоў. У створанай 25 гадоў таму Гарадзенскай дыяцэзіі дзейнічае шаснаццаць дэканатаў, якія аб’ядноўваюць больш за сто шэсцьдзясят парафій.

Беларускае Радыё Рацыя