Велікодныя святочныя набажэнствы ў Жодзінскім Касцёле



З 22-00 да 01-30 у Жодзінскім Касцёле святой Маці Божай Фацімскай адбыліся святочныя Велікодныя набажэнствы.

Пасхальная Вігілія з Мёртвых Паўстання Пана Езуса Хрыста сабрала мноства жыхароў гораду Жодзіна, шмат хто прыехаў да храму на машынах, былі сталыя людзі, шмат моладзі, дзеці з бацькамі.

Напачатку было ўключанае святло, людзі сабраліся навокал вогнішча, дзе святар прачытаў малітвы і запаліў вялікую лампаду, ад якой у храме былі запаленыя свечкі прысутных.

Набажэнствы вёў ксёндз Міхал Цвячкоўскі, гучалі спевы і малітвы, адбываўся ўспамін усіх адметных момантаў з жыцьця Езуса, ад ягонага нараджэння да ўкрыжавання і цудоўнага радаснага ўваскрашэння з памерлых. У чытаннях удзельнічалі розныя сябры каталіцкай супольнасці Жодзінскага Касцёлу.

Быў вагонь жыцця ды ўваскрашэння, святая вада, якой зноў асвяцілі ўсіх прысутных і прынесеныя жанчынамі кулічы („пасху”), яйкі, іншыя прысмакі.

Пасля набажэнстваў адбыўся Хросны ход (рэзурэкцыйная працэсія) вакол Касцёлу з запаленымі свечкамі.  Напрыканцы людзі, што перажылі розныя пачуцці Вялікай Суботы шчыра радаваліся ўваскрашэнню Хрыста. Яны віншавалі адзін аднаго выказваннямі „Хрыстос Уваскрос!” і сцверджаннямі ў адказ „Сапраўды Уваскрос!”, а таксама тройчы цалаваліся пры гэтым…

З Вялікднём! Пасхальнай вам радасці і аптымізму – бо Хрыстос Уваскрос!

Алесь Лета, Беларускае Радыё Рацыя Фота: Аляксей Лапіцкі