Вянкі і кветкі татарам, якія загінулі ў Першую сусветную вайну



На Слонімскіх мусульманскіх могілках адбыўся мітынг, прысвечаны пачатку Першай сусветнай вайны. У мітынгу прынялі ўдзел кіраўніцтва Слонімскага райвыканкама, а таксама пошукавая група «Айчына» з Татарстана, сябры аб’яднання мусульман Слонімшчыны і іншыя асобы. Мітынг адкрыла намеснік старшыні Слонімскага райвыканкама Кацярына Руткоўская, якая нагадала падзеі Першай сусветнай вайны на Слонімшчыне і ў Беларусі ў цэлым. Студэнты Казанскага ўніверсітэта падзякавалі слонімцам за памяць пра воінаў-татараў, якія загінулі на Слонімшчыне ў час Першай сусветнай вайны.

Асабліва шчырую падзяку ўсе выступоўцы казалі слонімскаму грамадскаму актывісту, імаму-старшыні аб’яднання мусульман Слонімшчыны, былому намесніку муфція Беларусі Сулейману Байрашэўскаму. Ён таксама выступіў перад прысутнымі і сказаў, што на Слонімшчыне ўжо сто гадоў ушаноўваюць памяць пра воінаў-мусульманаў, якія загінулі на беларускай зямлі і ўшанаванне будзе працягвацца.

У час мерапрыемства былі ўскладзены вянкі і кветкі да мемарыяльнага знака загінулых мусульман, які знаходзіцца на слонімскіх могілках.

 

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара