Вярхоўны суд прызнаў кнігі Зянона Пазьняка экстрэмісцкімі



Апошняя ў Беларусі інстанцыя – Вярхоўны суд, пацвердзіў заключэнне берасцейскіх суддзяў, якія прызналі затрыманыя на беларуска-польскай мяжы кнігі Зянона Пазьняка экстрэмісцкай літаратурай.  Пра гэта распавёў адказны сакратар Кансерватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі, які збіраецца цяпер пісаць скаргу ў камітэт ААН па правах чалавека.

– Заказны ліст прыйшоў з Вярхоўнага суда. Яны пакінулі ў сіле рашэнне суда Ленінскага і Маскоўскага раёнаў, паводле якога кнігі Пазьняка “Абарона Курапатаў. Народны мемарыял” і “Добрая фатаграфія” ўтрымліваюць экстрэмізм. Хоць яны ў Курапатах зараз збіраюцца будаваць нейкія мемарыялы.

Кніга Зянона Пазьняка «Добрая фатаграфія» з’яўляецца зборнікам фатаграфічных эсэ пра фотаздымкі з краін Еўропы і Амерыкі з сярэдзіны XIX стагоддзя і да нашых дзён. Кніга «Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял» (Зянон Пазьняк напісаў яе разам з Валерыем Буйвалам) уяўляе сабой зборнік артыкулаў, успамінаў і фотаздымкаў, прысьвечаных абароне месца масавага пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Берасцейскія мытнікі восенню 2015 года канфіскавалі асобнікі гэтых кніг у Алеся Чахольскага ў пункце мытнага афармлення «Берасце-Цэнтральнае», калі партыйны актывіст вяртаўся з Польшчы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя