Вяскоўцы пра лазню: Будзем мыцца ў карыце або вошай пладзіць



У Бярозаўскім раёне кошт лазняў, якія належаць жыллёва-камунальнай гаспадарцы, вырас амаль у тры разы для вясковых жыхароў і ў два разы для гарадскіх. Калі раней лазня каштавала 23 000 для ўсіх, то цяпер для сяльчан 60 000 за 2 гадзіны, для гараджан – 40 000.

IMG_3646

Што вельмі абурае людзей, асабліва на вёсцы, якія ў асноўным атрымліваюць мінімальныя заробкі. Кажуць жыхары мястэчка Малеч:

– Мы зайшлі ў лазню – дожджык не працуе. І за што 60 тысяч плаціць?

– За такія грошы ў лазню ніхто не пойдзе.

– Мы што, вярнуліся ў калхозна-прыгоннае права? І цяпер у карыце будзем мыцца ды вошай пладзіць?

– Для вёскі пры нашых мізерных заробках гэта вельмі дорага. Атрымліваецца 240 тысяч у месяц!

– Якая лазня?! Бяры тазік ды мыйся!

Паводле касіра бярозаўскай лазні, наведвальнікаў паменела, але не катастрафічна. Прыватная лазня ў аграсядзібе “Шчодры заяц” каштуе 250 тысяч за гадзіну на кампанію да 10 чалавек. Яна скіравана на адпачынак. А ў Пружанскім раёне кошт лазняў 18.500 рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя