Вяскоўцы працягваюць змагацца за Спораўскае возера (абноўлена)



Арандатар возера “Спораўскае” у Бярозаўскім раёне Анатоль Заблоцкі выйграў тэндэр па арэндзе возера на 10 гадоў у 2014 годзе па нядзейсным дакуменце.

Гэтым дакументам з’яўляецца спіс вяскоўцаў колькасцю 320 чалавек, якія паставілі подпісы яшчэ ў 2011 годзе для тэндэра 2012 года.

“Пра гэта паведаміў у скарзе на імя старшыні Берасцейскага аблвыканкама Анатоля Ліса жыхар Спорава Уладзімір Воўчак – арганізатар і галоўны зборшчык подпісаў на карысць Заблоцкага”, – кажа намеснік старшыні Берасцейскай абласной сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), актывіст кампаніі “Гавары праўду” Валянцін Лазарэнкаў:

– У тым спісе, які мы сёння атрымалі, мы налічылі мінімум 15 чалавек, якія ўжо ў 2012 годзе не жылі, дастаткова шмат людзей памерлі ў 2013 годзе і не дажылі да 2014 года. Больш таго, гэтыя подпісы завяраў, пацвярджаў старшыня выканкаму, які пакрывае гэтыя нядзейсныя дакументы.

Паводле Лазарэнкава, Уладзімір Воўчак у скарзе паведамляе, што сход людзей 14 мая бягучага года прагаласаваў за адмену арэнды. А асобаў, якія ўдзельнічалі ў фальсіфікацыі дакументаў, просіць прыцягнуць да адказнасці.

* * *

Скасаваць дамову з баранавіцкім бізнесоўцам пра арэнду возера Спораўскае. З такім патрабаваннем мясцовыя жыхары прыйшлі на сустрэчу з удзелам раённага і абласнога начальства, якая адбылася ў вёсцы Спорава.

IMG_0253

Пад адпаведнай заявай да Берасцейскай абласной вертыкалі падпісалася больш за паўтысячы жыхароў. На сходзе прагучала шмат прэтэнзій і рэзкіх выказванняў  ад людзей на адрас бізнесоўца Заблоцкага і мясцовага кіраўніцтва:

– Нават пры Польшчы, як расказваюць людзі, пан так не абыходзіўся з народам. Не ведаю, хто яго сюды пусціў. Гэта не чалавек, гэта проста звер.

– На месцы будаўніцтва катэджа была такая шыльда: “помнік археалогіі” і напісана, што будаўніцтва забаронена. А яму дазволілі.

– На яго ўчастку ёсць калодзеж, але ён людзям нават вады не дае.

– Колькі людзей ён падмануў у нашай вёсцы!

Намеснік старшыні Берасцейскай абласной Сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада Валянцін Лазарэнкаў лічыць, што дамову арэнды павінны скасаваць, паколькі груба парушаны інтарэсы мясцовага насельніцтва.

IMG_0263

– Калі не вытрымліваюцца інтарэсы мясцовага насельніцтва, то такая дамова павінна быць скасавана. Ён паспеў за 7 месяцаў ўвайсці з усімі ў канфлікт. Нават займаўся рукапрыкладствам.

Жыхары Спорава цвёрда заявілі, што скасавання арэнды будуць дамагацца на ўсіх узроўнях улады, за што і прагаласавалі на сходзе.

IMG_0262

Беларускае Радыё Рацыя, Спорава

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.