Вясковец: Я касцямі лягу на плошчы дзеля будучага дзяцей



Узбунтаваліся ў Беларусі не толькі свядомыя беларускія грамадзяне, якіх ахрысціў Аляксандр Лукашэнка “пятай калонай”, але і апалітычныя вяскоўцы. Іх “дастала” цяперашняе жыццё, як кажа 30-гадовы жыхар з вёскі Навое Бярозаўскага раёна Раман Бык. Ён гатовы ахвяраваць жыццём за будучае сваіх дзяцей. Таму самастойна двойчы выходзіў на плошчу ў Бярозе – 25 і 26 сакавіка:

– У першы дзень у мяне проста праверылі пашпарт, а на другі – забралі. Хоць прычыну так і не патлумачылі. Пад’ехала машына, запыталіся, ці маю пры сабе забароненыя рэчы. І цягам 15 хвілін яны разоў шэсць пыталіся пра гэта. Я не думаў, што ў нашай міліцыі такія дурні служаць.

Раман упэўнены, што трэба гуртавацца ўсім беларусам, каб змяніць жыццё да лепшага:

– Паўтара мільёна заробак – шукай іншую працу. Вось таму я сюды і прыйшоў, каб гэтая іншая праца годна аплачвалася. У прынцыпе, калі ён давядзе да кровапраліцця, то я касцямі лягу на гэтай плошчы дзеля будучага маіх дзяцей, каб яны годна жылі. Па адным яны нас схопяць, косці каму-небудзь пераламаюць. Кропля, кропля, кропля… І гэта ўсё можа выліцца ў мора. А гэтым морам можна змыць Аляксандра Рыгор’евіча.

На Бярозаўскай плошчы 26 сакавіка было затрымана міліцыяй і АМОНам восем чалавек, шэсць з якіх ніколі да гэтага не займаліся палітыкай.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза