Выйшаў на волю сябра АГП Аляксандр Лаўрэнцьеў



Вызвалены сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Гародні Аляксандр Лаўрэнцьеў.

Ён быў асуджаны на 13 сутак адміністрацыйнага арышту. Сустракалі яго Юры Грыгенча і Вадзім Саранчукоў, якія ўжо адбылі пакаранне, а таксама родныя, сябры ды журналісты:

– Вельмі спадабалася тое, што вельмі шмат людзей падтрымала, вельмі шмат атрымаў паштовак з усёй Беларусі. Буду далей змагацца, без гэтага ніяк, хоць са мной ужо і КДБ размаўляла. Схілялі да здрады партыі, вербавалі, на што я ім проста выказаў усё, што думаю.

Праваабаронцы таксама сустракалі актывіста на ганку пастарунку міліцыі. Кажа прадстаўнік Праваабарончага цэнтра „Вясна” Віктар Сазонаў:

– Сустрэлі яшчэ аднаго хлопца, які адсядзеў той тэрмін, які яму накінулі. Будуць працягвацца складанні пратаколаў, будуць працягвацца затрыманні ці не, сказаць вельмі цяжка, бо логікі ў дзеяннях гэтага рэжыму няма. Мы разумеем, што гэта залежыць ад настрою, а настрой залежыць ад розных іншых рэчаў: падазрэнняў, страхаў ці яшчэ чагосьці. Мясцовыя выканаўцы рэжыму дзейнічаюць па загаду, будзе загад, будуць лётаць, будуць хапаць, а не будзе загаду, то ім гэта і не трэба.

29-га сакавіка павінен выйсці на волю актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Сяргей Верамеенка, арыштаваны на 15 сутак. За кратамі застаюцца гарадзенцы: Сяргей Верамеенка і Эдвард Дмухоўскі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня