Прысуды пад капірку пасля дазволенага маршу „Мы – не дармаеды”



Ад 12 да 15 сутак арышту за ўдзел у “Маршы недармаедаў”. Такія выракі нібыта пад капірку выносяць суддзі ўдзельнікам акцыі, якія пасля яе заканчэння былі гвалтоўна затрыманыя. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, усяго пасля “Маршу недармаедаў” толькі ў Менску былі затрыманыя больш за паўсотню асоб. Сярод затрыманых і асуджаных на суткі шмат дзяўчын.

Адна з груп удзельнікаў акцыі з анархісцкага блоку была затрыманая прама ў грамадскім транспарце з прымяненнем грубай фізічнай сілы, кажа адна з затрыманых і асуджаная да 12 сутак арышту Насця Ранько.

– Гэта адбывалася на прыпынку праспекта Машэрава. Невядомыя людзі ў цывільным сілай пачалі заштурхоўваць у аўтобус людзей. І тыму мы чакалі, пакуль „пагрузяць” большую частку людзей, якіх затрымалі ў тралейбусе. На колькі я чула, нехта распыліў газавы балончык, незразумела хто гэта быў. Затым нас даставілі ў РАУС Цэнтральнага раёна. Мы доўга чакалі, таму што было шмат людзей і не хапала супрацоўнікаў-жанчын, якія маглі б нас даглядзець і скласці пратаколы. 

Усім затрыманым у Менску прад’яўляюцца абвінавачанні ў парушэнні правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў, а таксама непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Суды адбываюцца і ў Магілёве, і ў Гародні, дзе таксама адбыліся акцыі супраць Дэкрэту аб дармаедах.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org